Нягледзячы на тое што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, у паўсядзённым жыцці людзі ўсё ж такі больш карыстаюцца рускай. Так, па даных перапісу насельніцтва за 2019 год, толькі 54,1% апытаных лічаць беларускую мову роднай.
Чаму так здарылася, што яна застаецца ў цені? Якія гістарычныя і сацыяльныя фактары паўплывалі на гэта і як распаўсюдзіць мову сярод беларусаў?
Да Дня роднай мовы журналіст Tochka.by пагутарыла на гэтыя тэмы з экскурсаводам і гісторыкам Кацярынай Захаравай.
Гістарычныя прычыны памяншэння карыстання мовай
У Вялікім княстве Літоўскім старабеларуская мова была дзяржаўнай. Праблемы пачаліся на этапе, калі тэрыторыя нашай краіны ўвайшла ў склад Рэчы Паспалітай.
"На той момант наш народ аб’яднаўся з палякамі, пачаўся працэс паланізацыі. Вышэйшыя колы нашага грамадства далучаліся да шляхецкіх каштоўнасцяў Польшчы, яе культуры і, адпаведна, пачыналі размаўляць на адзінай дзяржаўнай польскай мове", – расказвае Кацярына.
Затым прайшлі падзелы Рэчы Паспалітай, калі нашыя землі далучылі да Расійскай імперыі. Пасля за больш чым паўстагоддзя адбыліся тры паўстанні. Першае – Тадэвуша Касцюшкі за захаванне Рэчы Паспалітай у 1794-м. Другое – нацыянальна-вызваленчае 1830–1831 гадоў, якое было падаўлена. Трэцяе – паўстанне Кастуся Каліноўскага ў 1863–1864-м.

З цягам ХІХ стагоддзя дзяржаўнай мовай на тэрыторыі сучаснай Беларусі становіцца руская. Адпаведна, усе навучальныя ўстановы, а таксама дакументазварот переходзяць на яе.
"Аднак канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя быў адметны якраз нацыянальным адраджэннем – фарміравалася літаратурная мова, беларускамоўны тэатр, развівалася беларусазнаўства", – адзначае гісторык.

У 1920-я гады, дзякуючы бальшавікам, адбываецца беларусізацыя – даследуецца беларускі фальклор, ствараецца Акадэмія навук Беларусі. Аднак доўжыцца гэта ўсё толькі да пачатку 1930-х гадоў.
Пасля палітыка партыі змяняецца, краіна вяртаецца да русіфікацыі. Савецкая ўлада імкнулася стварыць адзінага рускамоўнага чалавека з мінімальнымі адметнасцямі.
Сучасны стан беларускай мовы
Сёння беларуская мова, таксама як і руская, з'яўляецца дзяржаўнай, аднак карыстаецца меншай папулярнасцю сярод насельніцтва нашай краіны. На думку Кацярыны, гэта вынікае менавіта з савецкага перыяду, калі большая частка людзей размаўляла па-руску.
"У 1991 годзе распаўся СССР, і адзінай дзяржаўнай мовай у нашай краіне прызналі беларускую. Для шматлікіх людзей гэта стала шокам. Напрыклад, некаторыя чыноўнікі, якія былі прадстаўнікамі іншых этнічных груп і займалі высокія пасады, павінны былі вывучаць беларускую з нуля", – распавядае суразмоўца.

Так, вяртанне да двухмоўя па выніках рэферэндуму ў 1995 годзе адбылося ў тым ліку і па гэтай прычыне.
"Большасці людзей было некамфортна вывучаць мову і стасавацца на ёй. З тых часоў яна і перастала шырока ўжывацца ў паўсядзённым жыцці", – падкрэслівае Кацярына.
На думку экскурсавода, зараз шмат хто спыняецца і не выкарыстоўвае беларускую мову, бо яна выклікае складанасці ў камунікацыі.
"Напрыклад, калі прыходзіш у кавярню і замаўляеш сабе гарбату, чалавек можа не разумець, што гэта «чай» па-руску. Ці кава – гэта «кофе», а не «какао». Таму людзям зручней карыстацца рускай мовай, каб не было ніякіх непаразуменняў", – дадае гісторык.

У той жа час любая мова перажывае рэформы, бо яна жывая. Людзі не могуць выкарыстоўваць слоўнікавы запас чалавека з ХІХ стагоддзя, знаходзячыся ў ХХІ стагоддзі, – з'яўляюцца новыя словы, змяняецца правапіс.
"Апошнія афіцыйныя змены ў правапісе адбыліся ў 2008 годзе. На маю думку, яны якраз паўплывалі на беларусізацыю. Напрыклад, часцей пачало ўжывацца аканне і яканне, «ў», пры гэтым менш выкарыстоўваецца «й»", – акцэнтуе суразмоўца.
Як культура можа паўплываць на распаўсюджванне роднай мовы?
Згодна з меркаваннем гісторыка, культура – гэта адзін з велізарных пластоў, які можа паўплываць на беларусізацыю. Напрыклад, суразмоўца заўважае, як у людзей прачынаецца цікавасць да беларускай гісторыі.
"Апошнім часам для беларусаў я праводжу экскурсіі толькі на мове. Заўсёды пытаюся пра гэты момант, але літаральна на пальцах магу пералічыць людзей, якія прасілі перайсці на рускую", – падкрэслівае Кацярына.

Па назіраннях гісторыка, перыяд адраджэння беларускай мовы ідзе ў тым ліку і ў нашыя дні, цяпер гэта не толькі мова Коласа і Купалы.
"Па-беларуску спяваюць песні, чытаюць вершы і ўвогуле камунікуюць пра ўсё на свеце. Сёння з'явілася шмат беларускамоўных блогераў, сучасных артыстаў. Беларуская літаратура не скончваецца на пісьменніках 1990-х гадоў. Маладыя творцы пішуць пра сучаснасць, а не пра калектывізацыю", – усміхаецца суразмоўца.

Увогуле распаўсюджванне беларускай мовы сярод моладзі – вельмі дзейсны сродак яе развіцця. Так, Кацярына рэкамендуе ўкараніць беларускасць у паўсядзённасць.
"Можна насіць розныя рэчы з выявамі карцін беларускіх мастакоў ці цытатамі пісьменнікаў, гуляць у беларускія «настолкі». Таксама можна хадзіць па розных рэстарацыях з беларускім ухілам, спрабаваць цікавыя стравы з нашай кухні. Да таго ж зараз праводзяцца рознага кшталту мерапрыемствы", – пералічвае гісторык.
Яна падкрэслівае, што сёння беларусы лётаюць у космас, робяць розныя вынаходніцтвы ў навуцы, лечаць людзей і пры гэтым ужываюць беларускую мову.
Як заахвоціць беларусаў больш размаўляць па-беларуску?
Па словах Кацярыны, на выкарыстанне беларускай мовы заўсёды ўплываюць асяроддзе і жыццёвыя абставіны, у якіх чалавек абірае яе маркерам сваёй ідэнтычнасці.
“Каб заахвоціць беларусаў больш размаўляць па-беларуску, трэба на дзяржаўным узроўні падаваць прыклад. Таксама было б добра змяніць мову на некаторых шыльдах на беларускую. Да таго ж можна зацікавіць беларусаў даведваццца пра сваё мінулае, але без прымусу", – падкрэслівае суразмоўца.

Кацярына прывяла прыклад суботнікаў, на якіх можна было б узнаўляць рознага кшталту помнікі і пераводзіць невялічкія ахвяраванні на іх рэстаўрацыю.
"Калі чалавек жадае перайсці на мову, то не трэба баяцца рабіць памылкі. Усе пачыналі з трасянкі, аднак далей будзе лепш. Увогуле беларуская мова не бедная", – кажа дзяўчына.


Кацярына распавяла гісторыю, якая здарылася з ёй у Брэсце. Яна хацела даведацца, як трапіць у пэўны пункт, і падышла спытаць пра гэта ў чыгуначныя касы.
"Пачуўшы маю гаворку, да мяне падышоў чалавек і сказаў: «Едьте в свою страну». Атрымліваецца, ён нават не адрозніў беларускую мову ад украінскай", – распавядае суразмоўца.
Але ў той жа дзень на выхадзе з крамы да Кацярыны падышла жанчына і падзякавала за беларускую мову. У такія моманты насуперак усім складанасцям хочацца размаўляць па-беларуску, упэўнена дзяўчына.
>>> Больше интересных историй – подпишитесь на наши Telegram, Instagram и Viber