Амаль палова ад плану: колькі дарог Беларусі абнавілі за паўгоддзя і дзе

Аддзел навінаў
Усяго за 2026-ы плануецца прывесці ў парадак 1,7 тыс. км праезнай часткі.
Амаль палова ад плану: колькі дарог Беларусі абнавілі за паўгоддзя і дзе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Maksim Safaniuk / Shutterstock.com

Беларускія дарожнікі адчыталіся аб праведзенай за паўгода працы.

За студзень – чэрвень 2026 года быў праведзены рамонт рэспубліканскіх аўтамагістраляў агульнай працягласцю звыш 830 км.

Лічбы агучылі ў прэс-службе Міністэрства транспарту, піша БелТА.

Работы закранулі ўсе вобласці краіны, аднак больш падрабязна ў ведамстве расказалі пра тры рэгіёны – цэнтральны і заходнія.

На Міншчыне ў першым паўгоддзі прывялі ў парадак дарожнае пакрыццё аўтамабільных дарог Р-28 Мінск – Маладзечна – Нарач (транспартная развязка), Р-40 Бараўляны – Лагойск.

У Брэсцкай вобласці перш за ўсё адрамантавалі ўчасткі М-1/Е30 Брэст (Казловічы) – Мінск – мяжа РФ (Рэдзькі), М-1/П5 пад'езд да Брэста ад аўтадарогі М-1/Е30, Р-104 Жабінка – Кобрын.

У Гродзенскай вобласці асноўныя намаганні за гэтыя месяцы накіроўваліся на М-6/П4 пад'езд да Гродна ад аўтадарогі М-6/Е28, Р-44 Гродна – Ваўкавыск – Івацэвічы, Р-64 Стоўбцы – Мір, Р-108 Баранавічы – Моўчадзь – Дзятлава.

У Мінтрансе падкрэслілі, што гадавы план па рамонце рэспубліканскай дарожнай сеткі складае 1,7 тыс. км. Так што ўжо выканана амаль 50% ад гэтага аб'ёму.

Новая дарога да замка

У Брэсцкай вобласці завяршылі рамонт участка аўтадарогі Н-6348 Слонім – Новадзевяткавічы – Косава, які вядзе да адной з самых вядомых славутасцей Беларусі – Косаўскага замка.

Гравійнае пакрыццё цалкам замянілі на асфальтабетон. Урачыстае адкрыццё адбылося 2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці, на мяжы Івацэвіцкага і Слонімскага раёнаў.

Улады рэгіёна падкрэслілі: праект быў цалкам прафінансаваны за кошт сродкаў абласнога бюджэту. На іх думку, абнаўленне маршруту палепшыць транспартную даступнасць замка, які штогод наведваюць тысячы турыстаў.

У выніку праведзеных прац гравійнае пакрыццё на гэтым ажыўленым участку цалкам саступіла месца сучаснаму асфальтабетону, што значна павысіць камфорт і бяспеку руху.

Працягласць участка на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна – 3657 м. Работы выканалі спецыялісты ДРБУ-178. Адзначана, што дарога мае вялікае значэнне як для Брэсцкай, так і для Гродзенскай абласцей.

Загрузка...

Нет больше страниц для загрузки

Нет больше страниц для загрузки