На гэтым тыдні па ўсёй краіне магчымыя перабоі ў працы банкаўскіх картак. Пра будучыя нязручнасці папярэдзілі ў Банкаўскім працэсінгавым цэнтры.
Прычына магчымых збояў ужо звыклая – планавыя работы на абсталяванні сеткі перадачы даных цэнтра.
Іх правядуць у ноч на 14 жніўня з 01:00 да 04:30.
У гэты перыяд некаторыя банкаўскія аперацыі могуць быць недаступнымі, таму лепш загадзя правесці важныя плацяжы і на ўсялякі выпадак зняць наяўныя.
З чым могуць узнікнуць праблемы
Перабоі закрануць кліентаў банкаў, якія карыстаюцца паслугамі Банкаўскага працэсінгавага цэнтра.
Сярод іх – Беларусбанк, Белаграпрамбанк, Сбер Банк, Белінвестбанк, БНБ-Банк, Парытэтбанк, Банк "Рашэнне", БСБ Банк і іншыя.
Падчас тэхнічных работ не выключаны складанасці з выкарыстаннем банкаматаў і прылад самаабслугоўвання. Гэта значыць, зняць наяўныя або правесці іншыя звыклыя аперацыі не атрымаецца.
Таксама збоі магчымыя пры аплаце пакупак і паслуг у крамах, кафэ і іншых арганізацыях, якія абслугоўваюцца падключанымі да БПЦ банкамі.
Акрамя таго, на некаторы час могуць стаць недаступныя паслугі кантакт-цэнтра БПЦ.
Мінус яшчэ адна плацёжная сістэма
Payoneer спыняе банкаўскія пераводы ў Беларусь. Поўнасцю спыніць іх плануюць з 31 жніўня 2026 года.
Праблемы з сэрвісам у беларусаў пачаліся яшчэ ў 2022-м. Спачатку доступ да яго страцілі кліенты часткі банкаў, а ў лістападзе 2025 года Payoneer перастаў падтрымліваць доларавыя пераводы ў Беларусь.
Атрымліваць грошы на рахункі ў еўра яшчэ можна было. Аднак цяпер закрыецца і гэтая магчымасць, сэрвіс прыпыніць банкаўскія пераводы ў краіну.