Нацбанк раскрыў даныя з аўтаматызаванай сістэмы апрацоўкі інцыдэнтаў (АСАІ). Сярод іх – сума, якую махляры выманілі ў беларусаў за сем месяцаў 2026-га. Страты ад несанкцыянаваных плацяжоў склалі 25,3 млн.
Гэта на 3,5 млн менш, чым за аналагічны перыяд 2025 года.
Як падкрэслілі ў Нацбанку, амаль 93% сумы было скрадзена з выкарыстаннем метадаў сацыяльнай інжынерыі.
Маюцца на ўвазе выпадкі, калі чалавек пад псіхалагічным уздзеяннем злачынцаў пералічвае ім грошы або паведамляе канфідэнцыйную інфармацыю. Альбо калі аферысты з дапамогай лічбавых тэхналогій атрымліваюць доступ да персанальных даных грамадзян.
Колькі ўдалося зберагчы
Банкі з дапамогай антыфрод-сістэм і інфармацыі з АСАІ прадухілілі крадзеж 4,6 млн. У студзені – ліпені 2025-га гэтая сума склала 2,1 млн.
Калі лічыць у працэнтах, то доля спыненых банкамі спісанняў павялічылася з 7,6 да 18,3% агульнай сумы скрадзеных сродкаў.
Куды махляры выводзяць сродкі
Паводле даных Нацбанка, асноўнымі схемамі махлярства ў 2025 годзе сталі дэклараванне і ўдзел "у спецаперацыі" (53%), інвесціраванне (22%), а таксама аплата тавараў і паслуг (17%).
Скрадзеныя грошы махляры выводзяць на рахункі ў замежных банках (перш за ўсё ў Расіі, Грузіі, Узбекістане і Таджыкістане) і на адрас крыптарэзідэнтаў, гаворыцца ў справаздачы.
Акрамя таго, грашовыя сродкі здымаюць у банкаматах Беларусі і РФ і скрадваюцца шляхам аплаты тавараў і паслуг.