Знакаміты аграхолдынг "Купалаўскае", які належаў Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, перастане існаваць. Чаму яго вырашылі скасаваць, расказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка, піша БелТА.
"Прэзідэнтам канцэптуальна падтрыманы нашы падыходы: гаспадаркі будуць існаваць, працаваць, развівацца ў тых межах, якія ёсць. Холдынгу ўжо не будзе. Будуць асобна ўзятыя, самастойныя гаспадаркі са сваім кіраўніком, штатам, тэрыторыяй, разліковым рахункам", – заявіў Ісачэнка.
Прасцей кажучы, холдынг зачыняецца, а гаспадаркі перайдуць у камунальную ўласнасць. Асобнымі прадпрыемствамі стануць "Навагародзішчанскае", "Любінічы-Агра" і "Вялікія Славені".
Навошта быў патрэбны аграхолдынг?
Паводле слоў Ісачэнкі, роспуск холдынга і праца прадпрыемстваў паасобку будзе больш эфектыўнай.
Ён падкрэсліў, што цяпер усе сельгаспрадпрыемствы маюць сур'ёзную матэрыяльную базу, тэхніку, матэрыялы, неабходныя для таго, каб працаваць і развівацца.
"Менавіта праца ў холдынгу з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта дала штуршок, эфект. Кіраўніцтва справамі прэзідэнта шмат чаго зрабіла, укладвала грошы, і ёсць станоўчы вынік", – заявіў губернатар.
Ён падкрэсліў, што рашэнне аб роспуску трэба было прыняць для далейшага развіцця прадпрыемстваў.
Шматпакутная гісторыя "Купалаўскага"
"Купалаўскае" было створана ў адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ў чэрвені 2017 года. А ў 2019-м на адным з прадпрыемстваў адбыўся той самы эпізод з бруднымі каровамі.
"Гэта ж Асвенцым! Калі яны хворыя, тут мусіць быць суха, чыста штомінутна, штогадзіны. Яны ж пэцкаюць адна на адну, стаяць адна на адной. Тут павінен стаяць чалавек і пастаянна чысціць. Ты паглядзі на гэтую скаціну! Яна ж уся запэцканая, і ўжо на поўсці кара якая", – абураўся тады Лукашэнка пры наведванні цялятнікаў.
Тады ж сваіх пасад пазбавіліся міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц і віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы.