Балі, Дублін і Рай: распавядаем пра самыя (не)звычайныя вёскі Беларусі

Вера Нікуліна
Каб убачыць Парыж, неабавязкова выязджаць за межы краіны: у нас ёсць свой населены пункт з такой назвай. І ён дакладна варты вашай увагі – хоць бы дзеля сэлфі ў сацсетках.
Балі, Дублін і Рай: распавядаем пра самыя (не)звычайныя вёскі Беларусі
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: George Trumpeter / Shutterstock.com

У часы, калі адпачынак на моры беларусы могуць параўнаць з коштам на старэнькую хатку ў вёсцы, самы час прыглядзецца да родных прастораў. Тым больш, што тут можна лёгка знайсці айчынныя аналагі сусветна вядомых населеных пунктаў.

Балі

У заўзятых падарожнікаў у гэтым месцы абавязкова з’явяцца асацыяцыі з прыгожымі марскімі пейзажамі, пляжамі з белым пяском і вось гэтым усім, хоць простаму беларусу бліжэй і больш зразумелыя іншыя дэкарацыі. А ўсё таму, што Балі – гэта яшчэ і звычайная вёска ў Шчучынскім раёне. Побач знаходзяцца населеныя пункты з такімі паэтычнымі назвамі, як Агароднікі і Барташы.

Балі, нягледзячы на прыгожую назву, з кожным годам становіцца ўсё больш пустой. Зараз там не налічыш і двух дзясяткаў дамоў, а жыхары – у асноўным пенсіянеры. Хоць сама вёска з гісторыяй. Першыя згадкі пра яе адносяцца да XVI стагоддзя.


Парыж

Гэты аграгарадок знаходзіцца ў Пастаўскім раёне. Цікавы факт: аднойчы вёску пераіменавалі ў банальны і нічым непрыкметны Новадруцк. Але мясцовыя жыхары не згадзіліся з гэтым і ў 2006 годзе дабіліся, каб зноў афіцыйна называць сябе парыжанамі, а малую радзіму – Парыжам.


З Мінска да гэтага Парыжа лёгка дабрацца на машыне ўсяго за пару гадзінаў – пры жаданні можна праехаць туды-назад за адзін дзень.

Праўда, акрамя фота з дарожным знакам, рабіць тут асабліва няма чаго. Хіба што паглядзець на копію Эйфелевай вежы, дзве фігуркі святых каля ўваходу ў музей, які зараз не працуе, і аднапавярховы будынак касцёла.

Дублін

Вёска з такой прыгожай ірландскай назвай знаходзіцца ў Гомельскай вобласці, недалёка ад горада Брагіна.

Па легендзе, у часы прыгоннага права мясцовыя сяляне неяк паднялі паўстанне, і для іх падаўлення землеўладальнік выпісаў жаўнераў-наёмнікаў з далёкай Ірландыі.

Паўстанне падавілі, буйных сялян супакоілі, але землеўладальнік раптам вырашыў не плаціць "варагам". Тым нічога не засталося, як пасяліцца побач – бо грошай на адваротны шлях усё-роўна не было. У памяць аб радзіме яны і назвалі сваю новую вёску Дублін.

Паводле іншай версіі, усё было прасцей: назву вёсцы далі, дзякуючы мноству дубоў, якія да гэтага часу растуць у гэтых месцах. На карысць гэтай версіі кажа і тое, што ў нашыя дні ў беларускім Дубліне ўсе жыхары маюць славянскую знешнасць.

Палесціна

Беларуская Палесціна знаходзіцца ў Астравецкім раёне. Жылых дамоў там – па пальцах пералічыць. Гісторыя гэтага населенага пункта пачалася ў XVI стагоддзі, але асабліва шматлюднай гэтая вёска ніколі не была.

А яшчэ, ніякіх сувязяў з той самай Палесцінай няма. Паводле падання, якое перадаецца з вуснаў у вусны, так вёску сталі называць, дзякуючы кляновым лістам. З усяго наваколля вяскоўцы прыходзілі сюды "па лісты" – бо вельмі зручна было на іх выпякаць хлеб. Вось так "па лісты" з гадамі і сталі Палесцінай.

Фота: Дзмітрый Іўчанка / www.fotobel.by

Да Вільнюса – усяго 60 км, мясцовая моладзь з сярэдзіны мінулага стагоддзя ў асноўным з’язджала туды. Іншыя перабіраліся ў Мінск і зараз прыязджаюць у бацькоўскія дамы летам або на выходных.

Рай

А яшчэ любы жыхар Беларусі без перашкодаў можа патрапіць у Рай. Населены пункт з такой назвай знаходзіцца ў Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. Але шлях туды дастаткова цярністы: як кажуць бывалыя падарожнікі, каб аб’ехаць усялякія ямы і калдобіны на дарозе, прыйдзецца рухацца з вельмі невысокай хуткасцю.

Фота: Дзмітрый Іўчанка / www.fotobel.by

Зараз у Раі жывуць у асноўным пенсіянеры. Дарэчы, гэта дзіўна, але царквы ў Раі няма і ніколі не было. А таксама тут няма Адама і Евы – мясцовыя жыхары аддавалі перавагу іншым імёнам.

А вось сама вёска, па легендзе, атрымала такую незвычайную назву дзякуючы пану, якому належалі гэтыя месцы. Кажуць, яму так спадабалася тут, што ён назваў вёску Раем.

Загрузка...

Нет больше страниц для загрузки

Нет больше страниц для загрузки