У беларусаў можа з'явіцца "бязвіз" яшчэ ў адну астраўную дзяржаву ў Азіі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта.
Лукашэнка ўхваліў у якасці падмурка для правядзення перамоў праект міжурадавага пагаднення з Мальдыўскай Рэспублікай аб узаемнай адмене віз.
Паводле пагаднення, грамадзяне абедзвюх краін могуць уязджаць, выязджаць і ісці транзітам па тэрыторыі дзяржавы іншага боку без віз, але пры ўмове, што працягласць іх знаходжання не перавышае 30 дзён з даты ўезду (да 90 дзён на працягу каляндарнага года).
Перамовы аб адмене віз і падпісанне пагаднення ўскладзены на Міністэрства замежных спраў.
Цікава, што беларусам і зараз нескладана патрапіць на Мальдывы. Падарожнікам не патрабуецца афармляць дакументы загадзя. Дазвол на ўезд афармляецца бясплатна па прыбыцці ў аэрапорт Мальдываў.
Чым заняцца на Мальдывах
Увогуле, Мальдывы не патрабуюць рэкламы – гэта райскія астравы, якія некалі былі раскошай, а цяпер становяцца ўсё больш даступнымі для звычайных людзей.
У класічным разуменні тут няшмат заняткаў, бо гарадоў і музеяў, якія можна было б наведаць, практычна няма. Але і не гэтым славяцца Мальдывы.
Вось за чым можна прыехаць турыстам:
-
дайвінг і снорклінг – плавайце з маскай або аквалангам побач з каралавымі рыфамі, скатамі, чарапахамі і бяспечнымі рыфавымі акуламі
-
сёрфінг і віндсёрфінг – лавіце хвалі на спецыяльных атолах, папулярных у сёрфераў з усяго свету
-
водныя забавы – катайцеся на гідрацыклах, сапбордах або спрабуйце падводныя скутэры
-
круізы на захадзе сонца – адпраўляйцеся ў мора, каб убачыць дэльфінаў і прыгожы захад
-
паездка ў Мале – прагуляйцеся па сталіцы, наведайце старажытную Пятнічную мячэць з каралавага каменю і зазірніце на шумны рыбны рынак
-
начная рыбалка – паспрабуйце традыцыйную рыбалку пад зорным небам.