Да Дня работнікаў культуры, які ў Беларусі традыцыйна святкуюць у другую нядзелю кастрычніка, Нацыянальны статыстычны камітэт падрыхтаваў тэматычны агляд.
У ім прадстаўлены звесткі за мінулы год пра колькасць людзей, занятых творчай, забаўляльнай, бібліятэчнай, архіўнай, музейнай і іншай дзейнасцю ў галіне культуры. Асобна прыводзяцца даныя пра некаторыя напрамкі, у тым ліку пра тэатры і музеі.
Паводле інфармацыі Белстата, у 2025 годзе ў сферы працавалі 42,5 тыс. чалавек. Сярод іх больш за ўсё жанчын – 70,1%. Доля мужчын склала 29,9%.
Сярэдні ўзрост работніка культуры ў нашай краіне – 46,7 года.
Вышэйшую адукацыю маюць 43,5% занятых у гэтай сферы, сярэднюю спецыяльную – 29,8%, прафесіянальна-тэхнічную – 16,4%, сярэднюю і базавую – 10,3%.
Дзейнасць тэатраў
На канец 2025 года ў Беларусі дзейнічала 28 прафесійных тэатраў:
-
драмы, камедыі, музычныя, эстрады – 19
-
лялечныя – 7
-
оперы і балета – 1
-
юнага гледача – 1.
За гэты перыяд правялі 12,9 тыс. спектакляў, што на 21,4% больш, чым год таму.
За 2025-ы тэатры Беларусі наведалі 2,221 млн чалавек. Колькасць гледачоў вырасла на 20,3%, калі параўноўваць з 2024 годам.
Дзейнасць музеяў
У канцы 2025-га ў краіне налічвалася 150 музеяў. З іх 103 – комплексныя, 37 – гістарычныя, 5 – мастацкія, 4 – літаратурныя, 1 – навукова-тэхнічны.
За год беларускія музеі арганізавалі 178,2 тыс. экскурсій і 5,4 тыс. часовых экспазіцый. А наведвальнікаў стала на 13,4% больш, чым у 2024-м. Паказчык за 2025-ы дасягнуў 9,9 млн чалавек.
У Белстаце таксама вылучылі топ-3 музеяў Беларусі па колькасці наведванняў за год.
На першым месцы аказаўся Мемарыяльны комплекс "Хатынь". На другім – Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", на трэцім – Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.