Беларускіх падарожнікаў усё часцей цікавіць, дзе можна адпачыць без афармлення ўязных дакументаў. Калі класіка ў выглядзе турэцкіх і егіпецкіх курортаў ужо надакучыла, можна змяніць турыстычны ракурс.
Азёрны загар
Візавых абмежаванняў для беларусаў няма пры наведванні краін СНД. Так, у Арменіі можна адпачыць на пляжах высакагорнага возера Севан. Найлепшы час для адпачынку – з ліпеня па жнівень. У гэты час вада праграваецца да прыемных +20°C. Віза ў гэтую краіну не спатрэбіцца, калі ваша знаходжанне там не зацягнецца больш чым на 180 дзён у каляндарным годзе.

Пляжны адпачынак на возеры прапануе таксама Кыргызстан – краіна не мае натуральнага выхаду да мора, але яго з поспехам замяняе горнае возера Ісык-Куль. Найлепшы час для купання ў крышталёва чыстай вадзе – ліпень-жнівень. Паветра ў гэты час праграваецца да +25°C, а вада – да +22°C. "Бязвіз" у гэтую краіну доўжыцца да 90 дзён на працягу кожнага 120-дзённага перыяду з моманту ўезду.

Яшчэ адзін напрамак пляжнага адпачынку – Узбекістан. Галоўны курорт краіны знаходзіцца за паўтары гадзіны шляху ад Ташкента, на беразе Чарвакскага вадасховішча пасярод Цянь-Шаньскіх гор.

Але сапраўднай экзотыкай лічыцца адпачынак на бяскрайнім возеры Айдаркуль у пустыні Кызылкум.

Возера знакамітае шматкіламетровымі пляжамі і юртавымі лагерамі, якія ўзнаўляюць атмасферу жыцця качэўнікаў. Тэрмін бязвізавага знаходжання ў краіне для беларусаў складае да 30 дзён з даты ўезду.
Марскі брыз
У Казахстане выбар пляжнага адпачынку больш разнастайны. Ад пляжаў Каспійскага мора ў Актау да берагоў возера Алаколь, вядомага лячэбнай вулканічнай галькай. Найлепшы час для адпачынку на Алаколі – з ліпеня па жнівень. Бязвізавы ўезд для беларусаў усталяваны на тэрмін да 90 дзён на працягу кожнага 180-дзённага перыяду.

Найлепшыя курорты Азербайджана знаходзяцца на Каспійскім моры за 20-40 км ад Баку. Знаходзяцца яны на Апшэронскім паўвостраве, вядомым сваімі бяскрайнімі пясчанымі пляжамі. Без афармлення візы ў краіне можна знаходзіцца да 90 дзён.

З Грузіяй у Беларусі "бязвіз" доўжыцца 360 дзён у годзе. Але найлепшы час для адпачынку на Чорным моры – з чэрвеня па верасень. Для аматараў актыўнага начнога жыцця падыдзе Батумі, для тых, каму да спадобы ўтульнасць – курорты Аджарыі.
Экзатычныя напрамкі
Ідэальна беласнежныя пляжы Кубы лепш наведваць са студзеня па май – у гэты час няма пагрозы ўраганаў. Карыбскае мора даступнае па "бязвізе" да 30 дзён з моманту ўезду ў краіну.

Найчысцейшая вада і пляж з дробным пяском – гэта пра курорты ў Тунісе. Адпачываць на Міжземным моры без афармлення візы беларусы могуць да 90 дзён.
Да 30 дзён за адну паездку і максімум 90 дзён на працягу года без візы даступны востраў Хайнань у Кітаі. Дзякуючы мяккаму клімату і беласнежным пляжам яго называюць "Усходнімі Гаваямі".

Знакаміты сваімі пляжамі і В’етнам – атрымліваць асалоду ад цёплага Паўднёва-Кітайскага мора, трапічнага клімату і выдатнымі пляжамі без візы беларусы могуць да 30 дзён. Агульны тэрмін бязвізавага знаходжання не павінен перавышаць 90 дзён на працягу каляндарнага года.