Адпачынак у Чарнагорыі для беларусаў у хуткім часе можа стаць менш даступным.
Урад краіны мае намер адмовіцца ад бязвізавага рэжыму для грамадзян нашай краіны. Такія ж змены могуць закрануць і расіян, паведамляе мясцовая газета Dan.
Аб магчымай адмене бязвіза для грамадзян Беларусі ўлады Чарнагорыі заяўлялі і раней. Але цяпер з'явіліся прыкладныя тэрміны: калі адпаведнае рашэнне прымуць, новыя правілы набудуць моц ужо з 1 кастрычніка.
Нагадаем, што на дадзены момант беларусы могуць знаходзіцца ў Чарнагорыі без візы да 30 дзён.
З чым звязаны перамены
Галоўная прычына – курс Чарнагорыі на ўступленне ў Еўрасаюз. Для гэтага краіне трэба прывесці свае правілы ўезду ў адпаведнасці з патрабаваннямі ЕС.
Да 2027 года ўлады павінны перагледзець пагадненні аб бязвізавым рэжыме з дзяржавамі, якія Брусель адносіць да зон павышанай рызыкі. Гаворка ідзе аб магчымай нелегальнай міграцыі і пагрозах бяспекі.
Беларусь і Расія могуць патрапіць пад абмежаванні аднымі з першых. А пасля чарга, хутчэй за ўсё, дойдзе да Турцыі, Кітая, ААЭ, Катара і Бахрэйна.
Пры гэтым змены будуць уводзіць паступова. Чарнагорія павінна як мінімум раз у год адмаўляцца ад аднаго пагаднення аб бязвізе, якое не супадае з агульнаеўрапейскай палітыкай.
У поўнай меры сінхранізаваць правілы краіна плануе ўжо пасля ўступлення ў ЕС, але частку патрабаванняў мае намер выканаць загадзя.
Дзе яшчэ бязвіз пад пытаннем
Раней аб магчымай адмене бязвізавага рэжыму для беларусаў заяўляла і суседка Чарнагорыі – Сербія.
У красавіку стала вядома, што краіна, якая таксама прэтэндуе на ўступленне ў Еўрасаюз, прыводзіць сваю візавую палітыку ў адпаведнасці з патрабаваннямі ЕС.
У далейшым абмежаванні могуць распаўсюдзіцца на Беларусь, Расію, Турцыю і Кітай.