Тыповы беларус сёння – гэта, хутчэй за ўсё, жыхар панэльнага шматкватэрнага дома. Але так было не заўсёды.
Самыя шчаслівыя нашыя продкі праводзілі адпачынак ў шыкоўных сядзібах, якія і зараз захапляюць. Выбралі некалькі цікавых месцаў, якія варта наведаць у любую пару года.
Сядзіба Козел-Паклёўскіх у Красным Беразе
Адкрывае спіс паляўнічы домік. Так яго характарызаваў першы ўласнік. "Домік" размяшчаецца за 20 км. ад Жлобіна і ўваходзіць у турыстычны маршрут пад назвай “Залатое кальцо Гомельшчыны”.

Сядзіба Козел-Паклёўскіх знакамітая хоць бы тым, што гэта адзіная пабудова такога кшталту ў краіне, пры афармленні якой выкарыстоўвалася альгамбра.
Гэта рэдкі арабскі стыль, названы так у гонар архітэктурна-паркавага ансамбля ў горадзе Гранада ў Паўднёвай Іспаніі.
Будынак сядзібы больш падобны на казачны замак. Або на дзіцячую фантазію, якая раптам стала рэальнасцю. Сядзіба была пабудаваная за тры гады – у 1890-1893-гг.
Гэты дом упрыгожваюць вежы і мансардныя дахі, а таксама ўбудаваныя на галоўным уваходзе фігуры гаргулляў. Унутраныя залы – своеасаблівы гайд па гісторыі архітэктурных стыляў. Там цудоўным чынам спалучаюцца ракако і маньерызм, барока і класіцызм…
Адлегласць ад Мнска – 203 км., ад Гомеля – 115 км, ад Магілёва – 145 км.
Сядзіба Храптовічаў у Шчорсах
Гэта помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ХVIII стагоддзя, які часткова захаваўся да нашага часу. Ён размешчаны ў аграгарадку Шчорсы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.
Калісьці ў гэтых месцах знаходзіўся шыкоўны палац, але ён не дажыў да нашых дзён. Захаваліся толькі некаторыя пабудовы, але нават яны даюць магчымасць ацаніць бляск сядзібы.
Дарэчы, у XIX стагоддзі сядзіба была важным культурным цэнтрам. У ёй бывалі Адам Міцкевіч, Уладыслаў Сыракомля і Ян Чачот.
Сядзіба ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Адлегласць ад Мінска – 135 км, ад Гродна – 178 км, ад Брэста – 286 км.
Сядзіба Чапскіх у Прылуках
Яшчэ адно прыгожае месца знаходзіцца зусім недалёка ад Мінска – у Прылуках.
Прыгожая пабудова XVII стагоддзя размясцілася ў вельмі маляўнічым месцы. У розныя гады ёй валодалі некалькі знакамітых сем’яў – Ашторпы, Горваты і Чапскія.

Росквіт сядзібы звязваюць з графам Эмерыкам фон Гутэн-Чапскім. Ён валодаў сядзібай у Прылуках да 1917 года. Праўда, убачыць інтэр’еры часоў Чапскага не атрымаецца – сядзіба і прылеглыя тэрыторыі перададзеныя беларускаму Рэспубліканскаму навуковаму даччыннаму унітарнаму прадпрыемству "Інстытуту аховы раслін"
Цікавы факт: у часы Вялікай Айчыннай вайны гэта быў загарадны дом кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Беларусі Вільгельма Кубэ.
Сядзіба Іваноўскіх у Галавічполлі (Шчучынскі раён)
Сядзібны дом ў стылі мадэрн пабудаваў у 1909 годзе Леанард Іваноўскі. Ён вучыўся ў Вільні і Санкт-Пецярбурзе, быў адным з блізкіх сяброў знакамітага хіміка Дзмітрыя Мендзялеева.

Пабудова руда-белага колеру перажыла шмат за сваю гісторыю, але пасля рэстаўрацыі глядзіцца вельмі салідна. Прыемна захапляе і мясцовасць, у якой знаходзіцца сядзіба – цішыня, спакой і іншыя плюсы беларускай глыбінкі.
Уражвае не толькі будынак, але і гісторыя сям’і Іваноўскіх. Лічыцца, што яе прадстаўнікі ўнеслі ўклад адразу ў тры культуры – беларускую, польскую і літоўскую.
Адлегласць ад Мінска – 230 км, ад Гродна – 76 км.
"Пружанскі палацык"
Калі хоць раз убачыць гэтую сядзібу ўжывую, назваць яе неяк інакш, чым "палацык" не атрымаецца.
Памяншальна-ласкальная назва адразу настройвае на пэўны лад. Як кажуць на афіцыйным сайце сядзібы, яе пабудавалі па праекце вядомага італьянскага архітэктара Франчэска-Марыя Ланчы. І з першага погляду ён захапляе наватарскай непаўторнасцю формаў.

Розныя па памерах аб’ёмы злучаюцца ў адзіную кампазіцыю, а завяршае яе вежа ў цэнтры фасада. Гэта рэалізацыя на практыцы цікавай ідэі: сумясціць адразу два праекты – загарадны дом і рэнесансную вясковую сядзібу.
У розныя гады сядзіба належала Румянцавым, Швыкоўскім, Клейнміхелю… Радуе, што ў нашыя часы патрапіць унутр сядзібы і ацаніць яе шыкоўныя інтэр’еры можа кожны жадаючы.
Адлегласць ад Мінска – 285 км, ад Брэста – 84 км.
Дарэчы, раней мы расказвалі пра пяць самых прыгожых вёсак Беларусі, падрябязней чытайце пра гэта тут.