Самым старым у Беларусі лічыцца Гродзенскі заапарк. Ён знакаміты мінімум тым, што тут дзеці і дарослыя ў свой час маглі ўбачыць слана.
У нашыя дні жывёлаў можна знайсці ў самых розных заапарках па ўсёй краіне. У гэтай падборцы спынімся толькі на некалькіх з іх.
Зааландшафтны парк "Дыпрыз"
Гэта не проста заапарк, а вялізная тэрыторыя (400 гектараў!), на якой у натуральным асяроддзі жывуць шматлікія жывёлы. А яшчэ там растуць усе віды дрэваў, якія можна сустрэць на тэрыторыі Беларусі.
Ёсць і прадстаўнікі монадраўлянай расліннасці – бярозавыя, грабавыя і арэхавыя гаі.
Мабыць, больш за ўсё ўражвае ў "Дыпрызе" – магчымасць пагладзіць і пакарміць жывёлаў. У адкрытых вальерах жывуць самыя розныя, у тым ліку і экзатычныя, жывёлы і птушкі.


Тут ёсць: кенгуру, страусы, альпакі, ламы… А яшчэ жураўлі, фазаны, паўліны…
Можна нават убачыць усялякіх сурыкатаў і да іх падобных.
А ў другой частцы парку (адкрылася ў лютым 2022-га) вы сустрэнеце зуброў, вярблюдаў, усялякіх козачак і авечак. Прычым, многія з іх вольна ходзяць па лесе. Таму няма перашкодаў, каб падыйсці да іх і "павітацца". Пры жаданні можна таксама пакатацца на кані або поні.
Гродзенскі заапарк
Па-першае, уражвае дата стварэння гэтага заапарка – 1927-ы год. Па-другое, доўгія гады гэта было адзінае месца ў краіне, дзе можна было ўбачыць дзікіх жывёлаў накшталт леапардаў і тыграў.
А пачыналася ўсё з заакутка пры мужчынскай гімназіі ў Гродна. Там налічвалася ўсяго 17 відаў жывёл. А самым першым насельнікам лічыцца звычайны бабёр, якога асабіста прывёз ініцыятар стварэння заапарка Ян Каханоўскі. Па легендзе, ён атрымаў тэлеграму з горада Лунна аб раненай жывёле. І, па-сутнасці, выратаваў бабра ад непазбежнай смерці.
Зараз у Гродзенскім заапарку налічваецца больш за тры тысячы жывёл – дробныя і буйныя драпежнікі, капытныя, паўзуны, птушкі…


У дні навагодніх канікул там арганізоўваюць для наведвальнікаў шоў-праграму з Дзедам Марозам і Снягуркай.
А яшчэ Гродзенскі заапарк вядомы тым, што там жыў адзіны ў краіне слон.
Мінскі заапарк
З-за размяшчэння лічыцца самым папулярным і даступным у краіне, хоць далёка не кожны мінчанін тут бываў.
Але тут ёсць што паглядзець: калекцыя налічвае каля чатырох сотняў відаў экзатычных жывёлаў і рэдкіх прадстаўнікоў беларускай фаўны – усяго каля двух тысяч жывёл.


Яны жывуць у натуральных затоках, якія ўтвараюцца ракой Свіслач. Там на працягу ўсяго года можна ўбачыць вадаплаўных птушак. А ў цёплы час года на кантактнай пляцоўцы "Вясковая сядзіба" кожны можа пагладзіць хатнюю авечку або казу.
У павільёне Паўднёвай Амерыкі жывуць малпы, трапічныя птушкі, капібара і незвычайныя паўзуны. Самымі буйнымі жывёламі ў экзатарыуме лічацца ягуары.
За асобны кошт можна зазірнуць у дэльфінарый і ўбачыць паўночных марскіх коцікаў, ціхаакіянскіх дэльфінаў і сапраўднага марскога ільва.
Лясны заапарк у Бярэзінскім біясферным запаведніку
"Бярэзінскі біясферны запаведнік" займае тэрыторыю больш за 108 гектараў, 12 з якіх выдзелілі для заапарка.
Насельнікаў тут адносна няшмат: 22 дзікія жывёлы, шэсць птушак і 75 хатніх жывёлаў. Але затое, як жартуюць супрацоўнікі, вы напэўна ўбачыце (а можа нават і пагладзіце) ўсіх самых галоўных: лася, зубра, мядзведзя, воўка і рысь.
Таксама тут жывуць: алень, лань, дзікі кабан, касуля, ліса і янотападобны сабака.


На тэрыторыі ляснога заапарка для турыстаў абсталяваныя месцы для адпачынку, побач ёсць аўтастаянка, вялікая крытая альтанка і дзіцячая пляцоўка.
Цэнтр экалагічнага турызму "Станькава"
Гісторыя заапарка пачалася ў 2008-м годзе. Першыя наведвальнікі змаглі пабываць там праз тры гады. Зараз гэта адзін з самых вялікіх турыстычных аб’ектаў Беларусі. Яго агульная плошча складае прыкладна 360 гектараў.
Непасрэдна ў заапарку "Станькава" можна ўбачыць больш за 40 відаў жывёлаў і птушак, у тым ліку тыграў, ільвоў і зуброў. Што важна: усе яны жывуць у прасторных вальерах.


Тэрыторыя вельмі дагледжаная, амаль усюды ёсць дарожкі з цвёрдым пакрыццём. Таму калі едзеце з дзецьмі, можна смела браць самакаты, велабегі і ровары. З самымі малымі вы без перашкодаў дабярэцеся ў патрэбную кропку з прагулачнай каляскай.
Дарэчы, раней мы расказвалі, пра топ-7 беларускіх азёраў, дзе павінен пабываць кожны. Чытайце тут.