У краіне працягваюць пашыраць і мадэрнізаваць інфраструктуру турыстычных аб'ектаў у нацыянальных парках і запаведніках, піша БелТА.
Што новага з'явілася ў сістэме экатурызму Беларусі, расказала загадчыца сектара інфармацыйна-ідэалагічнай працы і лічбавізацыі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Ружэна Навіцкая.
Глэмпінгі і дамы паляўнічых
Нацыянальныя паркі і запаведнікі Беларусі прапануюць аматарам актыўнага адпачынку на прыродзе больш за 1000 месцаў для размяшчэння. Аднак матэрыяльная база прыродаахоўных устаноў патрабуе мадэрнізацыі і пашырэння, адзначыла Навіцкая.
Так, новыя дамы з'явіліся на базе адпачынку "Золава", якая ўваходзіць у нацыянальны парк "Браслаўскія азёры".
У Белавежскай пушчы абнавілі Дом паляўнічага – ён знаходзіцца ў вёсцы Жаркоўшчына. А аўтакэмпінг "Нарач" у нацыянальным парку "Нарачанскі" папоўніўся глэмпінгамі – домікамі для адпачынку з выгодамі.
Маштабнае абнаўленне Прыпяцкага нацыянальнага парку
Добраўпарадкавалі таксама возера Чырвонае ў нацыянальным парку "Прыпяцкі". Там пабудавалі шэсць турыстычных домікаў і ўстанавілі альтанкі для адпачынку.

Фонд размяшчэння павялічылі таксама ў турыстычных комплексах "Качэўнік" і "Дарашэвічы" – плюс чатыры і адзін турыстычны домік адпаведна.
Пра дадатковыя паслугі таксама не забылі – у гасцініцы "Над Прыпяццю" ў аграгарадку Ляскавічы пачаў працу спа-цэнтр.
Акрамя таго, да сезона ў нацыянальных парках і запаведніках краіны абнавілі турыстычны інвентар, паляўнічыя вышкі і масткі для рыбалкі, абсталявалі экасцежкі і распрацавалі аднадзённыя і шматдзённыя туры.