Аматары ўнутранага турызму скажуць, што цікавых месцаў у Беларусі нашмат больш – і будуць мець рацыю. Але тут як з добрай кнігай: нават калі вы былі ў нейкім месцы, усё-роўна можна яго "перачытаць" і адкрыць для сябе па-новаму. Ну што? Паехалі!
Альманскія балоты
У Столінскім раёне Беларусі знаходзіцца экасцяжына "Альманскія балоты" працягласцю 2,7 км, якая дазволіць літаральна скурай адчуць сапраўдную Беларусь.

Гэтыя балоты займаюць тэрыторыю ў 100 тыс. га, што ахоплівае землі Жыткавіцкага, Лунінецкага, Столінскага і Пінскага раёнаў.
Для турыстаў тут прама па вадзе праклалі драўляны насціл. Але лепей апрануць добры абутак, каб не прамокнуць – месцамі вада даходзіць да шчыкалаткаў.
Музей пад адкрытым небам "Строчыцы"
У гэтым месцы можна, нібы на машыне часу, перанесціся ў мінулае.

У Строчыцах далікатна адноўленыя старыя драўляныя пабудовы, у якіх калісьці жылі нашыя продкі. Напрыклад, можна зайсці ў хату XIX стагоддзя і паглядзець, на чым спалі, з чаго елі і пілі, дзе гатавалі ежу беларусы.
Мірскі замак
Гісторыя стварэння гэтага замка тыповая для тых часоў: на землі ВКЛ (Мір быў часткай княства ў тыя гады) у пачатку XVI стагоддзя ўсё часцей адбываліся набегі крымскіх татараў,таму патрэбна было ўзводзіць надзейныя крэпасці для абароны.
На першым этапе будаўніцтва ўзвялі пяць вежаў, якія затым злучылі надзейнымі сценамі. Спачатку замкам валодалі Ільінічы, потым ён перайшоў да Радзівілаў. У тыя часы ён выглядаў так:

Ёсць прыгожая легенда аб тым, што ў часы Радзівілаў з Міра ў Нясвіж праклалі падземны ход, па якім свабодна магла праехаць карэта. Атрымліваецца, было штосьці накшталт "старадаўняга метро". Але мала хто верыць, што такое тады тэхнічна можна было рэалізаваць.
Зараз там працуюць над адкрыццём італьянскага сада (верасень 2026) і актыўна рыхтуюцца да 500-годдзя першага згадвання Мірскага замка (2027 год).
Каложская царква (Барыса-Глебскі храм)
Тое, што гэты будынак захаваўся да нашых дзён, можна назваць цудам.
Што там толькі не адбывалася! Нават легенда стварэння ахінутая таямніцай. Яе гісторыю адлічваюць ад сярэдзіны XII стагоддзя – часу праўлення гродзенскіх князёў Барыса і Глеба. Па легендзе храм пабудавалі іх дзеці на былым язычніцкім капішчы на беразе Нёмана.

Але ёсць і рэальны гістарычны факт: у XVII стагоддзі ў руінах царквы нейкі час утрымлівалі буйную рагатую жывёлу.
Мясцовыя жартуюць, што царква "стамілася" ад пільнай увагі і рэгулярна імкнецца "адпаўзці" ў Нёман. Упершыню адна са сценаў амаль не сышла ў раку ў далёкім 1720-м. Бераг умацавалі, але ў XIX стагоддзі частка царквы, усё ж, абвалілася (з таго часу некаторыя фрагменты сталі драўлянымі).
Зноў умацоўвалі бераг зусім нядаўна – у 2017-м годзе, каб выратаваць Каложу ад поўнага разбурэння.
Белавежская пушча
Вучоныя кажуць, што Белавежская пушча – гэта ўсё, што засталося ад гіганцкага першабытнага рэліктавага леса. Але нават гэтыя "рэшткі" ўражваюць – каля 160 тыс. га!
Тут можна ўбачыць, напрыклад, адзіную ў Еўропе натуральную папуляцыю белай піхты. Ёсць дрэвы-веліканы, якім ужо па 500-600 гадоў.

У першабытных зарасніках можна сустрэць не толькі зубра, але і рысь, высакароднага аленя, і нават чорнага бусла. Здзіўляе там і раслінны свет: дзякуючы дзікай прыродзе, навукоўцы знаходзяць там шмат уникальных і рэдкіх імхоў і грыбоў.
Каб вывучэнне гэтых знаходак было якасным, на тэрыторыі Пушчы 30 ліпеня быў адкрыты міжнародны навукова-даследчы цэнтр вывучэння дзікай прыроды.
А на Новы год у Белавежскую пушчу прыязджаюць сотні дзяцей, каб сустрэцца з Дзедам Марозам – яго рэзідэнцыя знаходзіцца менавіта тут.
Сафійскі сабор
Сафійскі сабор быў пабудаваны ў сярэдзіне XI стагоддзя. Па легендзе, будаўніцтва ініцыяваў Усяслаў Чарадзей – князь, які, калі можна верыць паданню, мог пераўтварацца ў ваўка. Назву праваслаўнай святыні далі ў гонар Айя-Сафіі ў Канстанцінопалі (сучасны Стамбул).

Гэта быў адзін з першых праваслаўных храмаў на землях нашых продкаў. І адна з першых каменных пабудоў у краіне. Так, напрыклад, тут і зараз можна ўбачыць фрагменты кладкі і фрэскі тых часоў.
На жаль, да нашых часоў ад першага сабора застаўся толькі фундамент. У пачатку XVIII стагоддзя, падчас Паўночнай вайны, Сафійскі сабор быў узарваны (ёсць адразу некалькі версій, хто гэта зрабіў). Аднаўленне храма пачалося толькі ў 1740-м годзе. Гэта ўжо быў крыху іншы храм, узведзены "на касцях" старой Сафіі.
Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі
Цэнтральная частка гэтага палаца – помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Але аб усім па-парадку.
У часы ВКЛ Гомель належаў канцлеру Міхалу Чартарыйскаму, і на высокім беразе ракі Сож стаяў тыповы для тых часоў драўляны замак.

Усё змянілася, калі гаспадаром горада стаў фаварыт Кацярыны ІІ генерал-фельдмаршал Пётр Румянцаў-Задунайскі. Ён атрымаў Гомель у падарунак за выдатныя перамогі ў руска-турэцкай вайне.
Затым, у 1834-м годзе, уладальнікам сядзібы стаў генерал-фельдмаршал Іван Паскевіч. Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя ў парадных залах палаца рэгулярна ладзіліся пышныя балі.
У нашыя часы былая рэзідэнцыя расійскіх арыстакратаў у гомелі – адзін з самых цікавых музеяў у краіне. Менавіта ён у 2012-м атрымаў Гран-пры конкурса "Музеі Беларусі – трэцяму тысячагоддзю", што праходзіў тады ўпершыню.
Брэсцкая крэпасць
У нашыя часы любы школьнік ведае, што Брэсцкая крэпасць – месца подзвіга савецкіх салдатаў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.
Але не кожнаму вядома, што крэпасць з’явілася там адносна нядаўна – у 30–40 гады XIX стагоддзя. А дзеля яе будаўніцтва прыйшлося "ахвяраваць" цэлым горадам, старым Брэстам, які якраз знаходзіўся на перасячэнні рэк Заходні Буг і Мухавец. Новы Брэст размясціўся на ўсход ад цытадэлі.
Цяпер там вядзецца будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці, першую чаргу якога плануюць завяршыць да 7 лістапада.

Дарэчы, самыя цікаўныя турысты нават могуць убачыць, якім быў той драўляны Брэст. На Валынскім умацаванні знаходзіцца ўнікальны археалагічны музей "Бярэсце" – там ёсць сапраўдныя зрубы дамоў і засланыя дрэвам вуліцы гарадзішча XIII стагоддзя.
Хатынь
Жудасную гісторыю беларускай вёскі Хатынь, якую спалілі фашысты падчас Вялікай Айчыннай вайны, ведаюць далёка за межамі нашай краіны.

Мемарыяльны комплекс на месцы вёскі з’явіўся ў савецкі час, а ў 2023 годзе ён перажыў вялікую рэканструкцыю.
Не трэба таксама забывацца, што Хатынь уключаная ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Беларускія Мальдзівы
Завяршаюць наш топ крэйдавыя кар’еры.
Ніхто нават не думаў, што тэхнічныя вадаёмы, якія ўтварыліся пасля выпрацоўкі крэйдавых адкладаў, стануць такімі папулярнымі.

Але гэта сапраўдны галаўны боль для прадпрыемстваў, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца кар’еры. Таму што іх берагі вельмі крутыя і часта абвальваюцца, пясок зыбучы, а глыбіня… Лепш нават не правяраць. А крэйда, дзякуючы якой атрымліваюцца "інстаграмныя" фота, дрэнна ўплывае на скуру.
Тым не менш, "беларускія Мальдзівы" настолькі прыцягальныя, што кожны год збіраюць сотні турыстаў "проста паглядзець".
Усяго такіх кар’ераў восем. Яны знаходзяцца ў чатырох абласцях. Самыя вядомыя – пад Ваўкавыскам, Любанню і Крычавам.
За 6 месяцаў бягучага года кар'еры наведалі 2840 турыстаў. А у маі "Краснасельскія Мальдывы" прызналі помнікам прыроды мясцовага значэння.
А пра ўнікальныя востравы Беларусі, вы можаце прачытаць у нашым мінулым матэрыяле.