У Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўключаны чатыры матэрыяльныя аб'екты: Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Нацыянальны парк "Белавежская пушча" і геадэзічная дуга Струвэ.
Калі з першымі трыма сітуацыя больш-менш зразумелая, наведаць іх лёгка і проста, то як быць з дугой? Дзе яе адшукаць і чаму яна так высока ацэнена адной з устаноў ААН?
За пошукам адказаў, а таксама для таго, каб дакрануцца да аднаго з загадкавых аб'ектаў, карэспандэнт партала Tochka.by адправіўся на паўночны захад краіны.
Дзе у Беларусі можна знайсці дугу Струвэ
На тэрыторыі Беларусі геадэзісты адшукалі 31 месца, якія "прывязаны" да дугі Струвэ. Так, пяць з іх апынуліся ў добрым стане і таму ў 2005 годзе трапілі ў той самы спіс ЮНЕСКА.
Вось іх пералік:
- пункт "Тупішкі" (вёска Цюпішкі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці)
- пункт "Лапаты" (вёска Лапаты Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці)
- пункт "Чэкуцк" (вёска Шчакотск Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці)
- пункт "Лескавічы" (вёска Ляскавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці)
-
пункт "Асоўніца" (вёска Асоўніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці).
Мы накіроўваемся ў невялічкую вёсачку Цюпішкі, што прыкладна за 110 км ад Мінска і за 25 км ад раённага цэнтра Ашмяны.
Едзем па навігатары. Ён прапануе некалькі варыянтаў маршруту. Як высветлілася пазней, выбралі самы складаны. Асфальт вельмі хутка змяніўся грунтавой дарогай, якая ператварылася ў лясную, моцна разараную лесавозамі.
Раптам пасярод лесу, на краі паляны, заваленай спілаванымі дрэвамі, вырастае... аўтобусны прыпынак. Грунтоўны, бетонны, але вельмі стары Назва не чытаецца. І цішыня, якую разрывае крык адзінокай вароны. Падобна на кадры з фільма "Сталкер" Андрэя Таркоўскага.

А далей на шляху велізарная лужа, сунуцца ў якую мы не адважыліся. Разварочваемся.
Нарэшце сустракаем указальнік "Дуга Струвэ". Дарога трохі лепш за лясную. Вёска. Яшчэ адзін указальнік. Зварочваем на прасёлак. З расчыненых варот хутара выскоквае велізарны сабака і з брэхам кідаецца на машыну. Адстаў...
Больш таблічак няма. Навігатар падказвае, што да зададзенага месца засталося 600 м. Крочым па сцяжынцы, пракладзенай праз узаранае поле ў бок Цюпішкінскай гары – самай высокай кропкі на Ашмяншчыне (311,2 м над узроўнем мора).
Так вось ты якая, дуга Струвэ! Вядома, гэта не сама дуга, а месца, дзе амаль 200 гадоў таму быў пабудаваны адзін з яе пунктаў. Цяпер тут стаіць 1,5-метровы абеліск з чорнага граніту. На яго версе усталяваны 100-кілаграмовы зямны шар, пасярэдзіне якога намаляваны контур Беларусі, дуга, пазначаны Мінск і пункт "Тупішкі".

Надпісы на беларускай і англійскай мовах указваюць, што ў 2005 годзе аб'ект унесены ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА "як выключны прыклад міжнароднага навуковага супрацоўніцтва для дакладнага вызначэння памераў і формы Зямлі".
Побач – скразная чатырохгранная металічная піраміда.

Трохі воддаль – альтанка для адпачынку, вогнішча і сведчанне таго, што чалавечыя ногі цікаўных нашчадкаў тут усё ж ступаюць: пластыкавыя пакеты і бутэлькі.
Што такое дуга Струвэ
Гэта быў грандыёзны міжнародны праект, створаны ў XIX стагоддзі. Работы вяліся амаль 40 гадоў. З 1816 па 1855 год уздоўж 25-градуснага мерыдыяна ўсходняй даўгаты была выбудавана цэлая сістэма знакаў.
Яны ўяўлялі сабой 258 геадэзічных трохвугольнікаў (палігонаў), якія прымыкалі адзін да аднаго і былі пабудаваны з поўначы на поўдзень у своеасаблівы ланцужок, з 265 асноўнымі трыянгуляцыйнымі пунктамі, якія размяшчаліся па кутах гэтых трохвугольнікаў.
Першы ўсталяваны каля нарвежскага горада Хамерфеста. Апошні – недалёка ад берага Чорнага мора, у Адэскай вобласці, на ўскрайку вёскі Старая Некрасаўка.
Агульная працягласць дугі – 2820 км.

Кожны яе пункт мог выглядаць па-рознаму: закапаны ў булыжнікі куб з граніту, поласць якога залівалася свінцом, каменная піраміда, ніша ў скале, жалезны крыж.
Некаторыя збудаванні былі драўлянымі. Ніхто тады асабліва не клапаціўся пра захаванасць канструкцый: іх не планавалі выкарыстоўваць доўгі час. Нездарма частка пунктаў разбурылася і знікла. Тыя, якія ўцалелі, – рэдкасць і вялікая ўдача.
Чым важная дуга Струвэ
Галоўнае, што дэкларуецца: дзякуючы дузе былі атрыманы абсалютна дакладныя дадзеныя пра памер і форму нашай планеты.
Тое, што Зямля не правільны шар, а эліпсоід, не круглая, а сплюшчаная каля полюсаў, навукоўцы ведалі і раней. Але менавіта дуга Струвэ дазволіла правесці разлікі і ўстанавіць форму дакладна.
Надзвычайна важнае вымярэнне і для стварэння геаграфічных карт з павышанай дакладнасцю. Уласна, першапачаткова менавіта гэтая мэта была асноўнай.
Уся справа ў тым, што з тапаграфічнымі картамі ў Расіі тады было дрэнна. Гэта добра паказала вайна з арміяй Напалеона. Сітуацыю трэба было выпраўляць.
Ідэя градуснага вымярэння практычна адначасова прыйшла ў галовы ваеннаму геадэзісту, генералу ад інфантэрыі Карлу Тэнеру і знакамітаму астраному Васілю Струвэ. Работы вяліся паралельна, незалежна адно ад аднаго.

Карл Іванавіч пачынаў праводзіць разведку, разлікі і будаўніцтва ў Віленскай губерні. Яго частка называлася Літоўскай дугой. Васіль Якаўлевіч працаваў у Ліфляндыі (на тэрыторыі сучаснай Эстоніі). Гэта была Ліфляндская дуга. Даследаванні працягнуліся ў Фінляндыі, Швецыі і Нарвегіі.
Пасля аб'яднання намаганняў кіраваць праектам стаў прафесар астраноміі і геадэзіі Дэрпцкага (цяпер Тартускага) універсітэта Васіль Струвэ.
Атрыманыя вымярэнні аказаліся сапраўдным прарывам у астраноміі і картаграфіі.
Самае дзіўнае, што дакладнасць разлікаў, зробленых два стагоддзі таму, была проста дзівоснай. Сучасная спадарожнікавая праверка тэхналогіі, ужытай навукоўцамі XIX стагоддзя, паказала нікчэмнае разыходжанне: усяго ў некалькі сантыметраў.
Пасля завяршэння работ праект атрымаў назву Руска-Скандынаўская дуга, паколькі вымярэнні вяліся таксама Каралеўскай абсерваторыяй у Стакгольме і Каралеўскім геаграфічным дэпартаментам у Нарвегіі.
Геадэзічнае цуда перасякае тэрыторыю 10 краін: Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Малдовы і Украіны.

Самую складаную частку работы правёў менавіта Карл Тэнер, а таксама афіцэры і салдаты, якімі ён камандаваў. Гэта прызнаваў і Васіль Струвэ. У адным з пасланняў калегу ён пісаў: "Вам... належыць слава больш чым 30-гадовага ўдзелу ў вымярэнні большай часткі Рускай дугі, і калі звярнуць увагу на мясцовасць, то і найцяжэйшай яе часткі...".
Але ў дакументах і ў гісторыі дуга захавалася ўсё ж пад імем Струвэ.
Беларускі уклад у стварэнне дугі Струвэ
Адным з надзейных і верных саратнікаў Карла Тэнера быў геадэзіст, географ і картограф, ураджэнец Беларусі Іосіф Ходзька. Ён ствараў ваенна-тапаграфічныя карты ў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Курляндскай губернях.
Іосіф Іванавіч (пры нараджэнні Юзаф Янавіч) Ходзька з'явіўся на свет у мястэчку Крывічы Віленскага павета (цяпер гэта Мядзельскі раён Мінскай вобласці).
Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, потым вучыўся ў Віленскай універсітэцкай гімназіі і на фізіка-матэматычным факультэце ўніверсітэта.
На службу да Тэнера патрапіў па волі выпадку. Карлу Іванавічу вельмі патрэбен быў супрацоўнік з вышэйшай матэматычнай адукацыяй для вытворчасці астранамічных назіранняў.
Рэктар Віленскага ўніверсітэта рэкамендаваў Юзафа Ходзьку, які рыхтаваўся ў той час да экзамену на ступень магістра фізіка-матэматычных навук. У 1822 годзе беларус быў залічаны ў Корпус ваенных тапографаў.

Пад яго кіраўніцтвам геадэзісты ў лясах высякалі вузкія прасекі, у непраходных балотах пракладвалі гаці, будавалі пункты каардынат.
Менавіта Ходзька ўдзельнічаў у злучэнні Літоўскага градуснага вымярэння з Ліфляндскім, прадэманстраваўшы дзівосную дакладнасць усіх разлікаў.
Пазней ён стане сусветна вядомым географам і геадэзістам, заваёўнікам Вялікага Арарата, генерал-лейтэнантам, начальнікам штаба Каўказскай арміі. Але менавіта работы па стварэнні элементаў дугі Струвэ Іосіф Іванавіч Ходзька будзе называць сваім першым "палявым хрышчэннем".
На радзіме выдатнага вучонага-даследчыка са сусветным імем у кастрычніку 2020 года ўстанавілі камень з бронзавай памятнай дошкай.
Як манета ў гонар дугі Струвэ стала рэдкасцю
У 2006 годзе Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў сярэбраную манету, прысвечаную геадэзічнай дузе Струвэ.
З манетай звязаны два забаўныя факты. Па-першае, яна квадратная, што ўжо незвычайна. Па-другое, на ёй няправільна паказана працягласць дугі: замест 2820 км – 2880.

Пасля выяўлення памылкі манету вынялі з абароту, што толькі павысіла цікавасць да яе ў нумізматаў. Тыраж разышоўся імгненна. Зараз яна лічыцца рарытэтам.
Дуга Струвэ – дзівосны праект, адно з найвялікшых дасягненняў астраноміі, геадэзіі і геаграфіі. Гэта інструментарый, які многія параўноўваюць з табліцай Мендзялеева ў хіміі. А яшчэ – наглядны доказ плённасці міжнароднага супрацоўніцтва. Менавіта таму дуга Струвэ так высока ацэнена ААН.