Самы старажытны горад Беларусі разам з годам яго заснавання назаве, напэўна, любы школьнік. Вядома ж, гэта Полацк, які ўпершыню згадваецца ў летапісах у 862 годзе.
Дарэчы, ён нашмат старэйшы за Маскву (1147) і Вільнюс (1323).
А што наконт самых маладых гарадоў Беларусі? Зараз усё расскажам!
Наваполацк (1958)
Побач з самым старым беларускім горадам у 1958 годзе вырас і адзін з самых юных удзельнікаў нашай падборкі. І далі яму вельмі простае імя – Наваполацк (што скарочана значыць Новы Полацк).
Сваім з'яўленнем ён абавязаны нафтаперапрацоўчаму заводу – аднаму з найбуйнейшых у Еўропе.

Першапачаткова Наваполацк уяўляў сабой будаўнічы пасёлак, які ўтварыўся на месцы адразу сямі вёсак. І ў вёсак гэтых што ні назва – песня: Слабада, Серадома, Плаксы, Васілеўцы, Падкасцельцы, Дуброва і Козіна.
Але пасёлак вельмі хутка рос і спачатку дагнаў, а потым і абышоў Полацк па колькасці жыхароў. У Полацку цяпер жыве крыху больш за 79 тыс. чалавек тыс. чалавек, а ў Наваполацку – каля 95 тыс.
Па факце паміж двума гарадамі ўсяго шэсць кіламетраў, таму многія, у тым ліку і мясцовыя жыхары, даўно ўспрымаюць іх як адно цэлае.
Пры гэтым менавіта Наваполацк ужо двойчы атрымліваў прэстыжны статус: у 2018-м яго назвалі культурнай сталіцай Беларусі, а ў 2023-м яму быў прысвоены статус маладзёжнай сталіцы краіны.
Горад працягвае актыўна развіваць інфраструктуру і прамысловасць.

А яшчэ мясцовыя жыхары ганарацца знакамітымі землякамі-спартсменамі. Напрыклад, гэта хакеісты Андрэй і Сяргей Касціцыны, якія ярка праявілі сябе ў НХЛ і нацыянальнай зборнай Беларусі. Яшчэ адзін ураджэнец Наваполацка Вадзім Дзевятоўскі – сярэбраны прызёр Алімпіяды-2010 у кіданні молата.
Белаазёрск (1958)
Ён аднагодак Наваполацка, але меншы па колькасці жыхароў – іх у Белаазёрску ўсяго каля 11 тыс.
Новы горад вырас у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці дзякуючы іншай вялікай будоўлі – Бярозаўскай ДРЭС. Дарэчы, першапачаткова назва ў горада была Бярозаўскі. Але ўсяго праз два гады будаўнічы (на той момант) пасёлак атрымаў цяперашнюю назву.
Бярозаўская ДРЭС – адна з найбуйнейшых цеплаэлектрастанцый у краіне. Але знакаміты Белаазёрск па іншай прычыне.
Справа ў тым, што для працы электрастанцыі ў свой час выкапалі канал, па якім цёплая вада з ДРЭС скідаецца ў возера. Дзякуючы высокай тэмпературы вада на гэтым канале зімой не замярзае.
Гэта прыцягвае ў першую чаргу аматараў рыбалкі, але і турысты заязджаюць палюбавацца "цудам прыроды".
Сядзіба Пуслоўскіх у Песках. Фота: planetabelarus.by
А яшчэ з паўночна-ўсходняга боку Белаазёрска знаходзіцца вёска Пескі, у якой захаваліся рэшткі былой сядзібы Пуслоўскіх. Пра веліч гэтага архітэктурнага збудавання нагадваюць уязная брама, сядзібны дом і стары парк.
У 2025 годзе Белаазёрск абнавіў выгляд і стаў яшчэ прыгажэйшым, бо прымаў абласное свята "Дажынкі".
Салігорск (1958)
Аднагодак Наваполацка і Белаазёрска і, мабыць, самы вядомы з усіх "маладых гарадоў" краіны.

Уезд у Салігорск. Фота: Tochka.by
Чаго толькі варты той факт, што Салігорск рэгулярна ўваходзіць у розныя рэйтынгі самых багатых і забяспечаных гарадоў Беларусі! Пры гэтым з гонарам называюць сябе салігарчанамі (або салігорцамі) амаль 97 тыс. чалавек.

Помнік шахцёру-першапраходцу. Фота: Tochka.by
А пачалося ўсё з таго, што ў гэтым рэгіёне (непадалёк ад вёсак Вішнёўка, Пакроўка, Тэслін, Пясчанка і іншых) пачалася прамысловая распрацоўка калійнай солі.
Як і ў астатніх выпадках, спачатку на месцы адной з вёсак (Вішнёўкі) з'явіўся рабочы пасёлак, яго назвалі Новастаробінск. Праз год назву вырашылі змяніць на больш падыходзячую, так і з'явіўся Салігорск.
Дарэчы, пра былыя часы нагадвае вуліца Вішнёвая, якая да гэтага часу ёсць у горадзе.
Аматараў унутранага турызму ў Салігорску можа зацікавіць, напрыклад, Музей маці. У аснову экспазіцыі ляглі рэальныя лёсы жанчын з гэтага рэгіёна. Сярод іншых славутасцяў – помнік шахцёру, парк Чатырох стыхій і фантан Знакі задыяка.
Там праходзіць і вядомы па ўсёй краіне веламарафон "Соль Палесся". У гэтым годзе ён сабраў амаль 3 тыс. веласіпедыстаў з Беларусі і замежжа. Неверагодна, але старэйшаму удзельніку было 84 гады.
Светлагорск (1961)
А гэты горад знаходзіцца на рацэ Бярэзіне ў Гомельскай вобласці і сваім з'яўленнем "абавязаны" Васілевіцкай ДРЭС (у нашы дні гэта Светлагорская ЦЭЦ).
Будаўніцтва станцыі пачалося ў 1954-м, у суседняй вёсцы пад назвай Шацілкі паралельна хутка з'явіліся новыя вуліцы, школа, розныя сацыяльныя аб'екты. Не дзіўна, што ўжо ў 1956-м вёска ператварылася ў гарадскі пасёлак.
Бурны рост населенага пункта не застаўся незаўважаным: летам 1960-га Шацілкі сталі цэнтрам раёна, а яшчэ праз год указам прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР яны былі перайменаваны ў горад Светлагорск.

Дарэчы, у 1960-м там пачалі будаваць завод штучнага валакна – адзін з найбуйнейшых у Еўропе. Як няцяжка здагадацца, цяпер Светлагорск у Беларусі многія ведаюць у першую чаргу менавіта дзякуючы гэтаму горадаўтваральнаму прадпрыемству.
Таксама на тэрыторыі раёна знаходзіцца некалькі радовішчаў нафты.
Жыве ў Светлагорску крыху больш за 60 тыс. чалавек. Некаторыя турысты блытаюць наш беларускі горад з "цёзкай", які знаходзіцца ў Калінінградскай вобласці Расіі на беразе Балтыйскага мора. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
У гэтым годзе горад адсвяткаваў 65-годдзе.
Новалукомль (1964)
Гэта цалкам афіцыйна самы малады горад Беларусі. Заснаваны ён быў у 1964-м з нагоды будаўніцтва Лукомльскай ДРЭС і называўся тады пасёлак Піянерны. Толькі 31 ліпеня 1970-га яму быў прысвоены статус горада. Цяпер там жыве каля 12 тыс. чалавек.

З цікавага: у гэтым горадзе адсутнічае цэнтральная плошча. Замест яе ў Навалукомлі ёсць бульвар, які з аднаго боку "глядзіць" на будынак мясцовай адміністрацыі, а з другога – утыкаецца ў набярэжную возера.

Дарэчы, возера Лукомльскае (Лукомскае) – чацвёртае па велічыні ў Беларусі. І гэта папулярнае месца для адпачынку з палаткамі, у тым ліку з дзецьмі, бо ў многіх месцах метраў на 50 ад берага ўзровень вады ледзь даходзіць да калена.
А дзякуючы суседству з ДРЭС сама вада звычайна як мінімум на пару градусаў цяплейшая, чым у іншых азёрах Беларусі.
Дарэчы, дзе яшчэ адпачыць з палаткамі, мы ўжо расказвалі. Даведацца можна тут.