Знакамітае палатно Марка Шагала прабудзе ў Мінску даўжэй запланаванага. Пра гэта дамовіліся падчас перагавораў прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын і старшыня ўрада Расіі Міхаіл Мішусцін.
Карціна прыехала да нас з калекцыі Дзяржаўнага Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу. Выставу аднаго шэдэўра ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі працягнулі да кастрычніка.
Першапачаткова "Прагулка" павінна была экспанавацца з 8 красавіка па 6 ліпеня – дзень нараджэння мастака.
Чым знакамітая "Прагулка"
"Прагулка" лічыцца самай вядомай работай Марка Шагала.
Галоўная гераіня карціны – Бэла Розенфельд, жонка мастака. На палатне яна нібы лунае ў паветры, адарваўшыся ад зямлі. Гэты вобраз сімвалізуе абсалютнае шчасце і каханне, якія падымаюць чалавека над штодзённасцю.

Сам Шагал трымае Бэлу за руку, і яны разам як быццам адрываюцца ад усяго зямнога, ад клопатаў і мітусні і застаюцца толькі ўдваіх.
Карціна ўваходзіць у вядомы трыпціх. Акрамя "Прагулкі", у яго ўвайшлі работы "Падвойны партрэт" і "Над горадам".
Ёсць і кранальны эпізод з жыцця мастака. У 1973 годзе, ужо будучы сусветна вядомым майстрам, Шагал прыехаў у Савецкі Саюз. На той момант Бэлы не было сярод жывых амаль 30 гадоў, і мастак быў у другім шлюбе.
Тым не менш ён прыйшоў у Траццякоўскую галерэю і доўга стаяў перад "Прагулкай" – сваім, бадай, самым асабістым і знакавым творам.
Дарэчы, раней мы расказвалі пра сінагогу ў Віцебску, дзе маліўся бацька Марка Шагала.