За два тыдні, з 21 чэрвеня па 5 ліпеня, экспазіцыю "Цягніка Перамогі" наведалі каля 22 тысяч чалавек, піша БелТА са спасылкай на прэс-цэнтр Беларускай чыгункі.
Маршрут перасовачнага музея пралягаў праз сем гарадоў – Брэст, Баранавічы, Гродна, Гомель, Магілёў, Віцебск, а завяршыўся ў Мінску.
У сталіцы састаў сустракалі напярэдадні Дня Незалежнасці. На працягу чатырох дзён ён быў адкрыты для наведвальнікаў.
Як складваўся маршрут
Маршрут свядома прымеркавалі да знакавых і памятных дат. У кожным горадзе ладзіліся мітынгі з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, ветэранаў, работнікаў прамысловых і іншых прадпрыемстваў, а таксама моладзі.
Да экспазіцыі актыўна далучаліся і выхаванцы патрыятычных клубаў.
Памяць жыве
Сёлетні паказ сабраў амаль 22 тыс. наведвальнікаў. Калі ж падлічыць за ўсе пяць гадоў існавання праекту, то з экспазіцыяй пазнаёміліся ўжо каля 160 тыс. жыхароў краіны.
"Гэта чарговы доказ, што памяць пра подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны жыве ў сэрцах беларусаў!", – падкрэслілі ў прэс-цэнтры БЧ.