У Беларусь прывезлі ўнікальны арган пачатку XX стагоддзя – дзе можна пачуць

Аддзел навінаў
У аматараў арганнай музыкі з'явілася яшчэ адно месца, якое абавязкова варта наведаць.
У Беларусь прывезлі ўнікальны арган пачатку XX стагоддзя – дзе можна пачуць
Фота: ars_magna_organi / Instagram

У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Пружанах усталявалі галандскі арган з больш чым векавой гісторыяй.

Цяпер такіх інструментаў у Беларусі ўжо два: з 2018 года ў Магілёўскім катэдральным касцёле знаходзіцца арган, выраблены ў Нідэрландах у 1924 годзе.

Упершыню новы інструмент загаворыць з публікай ужо 18 ліпеня. У гэты дзень адбудуцца яго ўрачыстае асвячэнне і канцэрт, паведамілі арганізатары беларускага арганнага фестывалю Ars Magna Organi.

Як інструмент апынуўся ў Пружанах

Арган вырабіла ў 1912 годзе нідэрландская майстэрня Martin Vermeulen для рэфармацкай царквы ў невялікім горадзе Шоуверзейл.

Амаль 75 гадоў інструмент служыў вернікам, але ў 1986 годзе храм зачынілі. Пасля гэтага арган грунтоўна адрэстаўравалі, крыху перабудавалі і перавезлі ў іншую рэфармацкую царкву ў горадзе Нумансдорп.

Фота: ars_magna_organi / Instagram

Праз некалькі дзесяцігоддзяў і гэты храм спыніў працу з-за аварыйнага стану будынка. У выніку гістарычны інструмент вырашылі перавезці ў Беларусь.

Чаму гэты арган асаблівы

Інструмент захаваў характэрнае рамантычнае гучанне, уласцівае галандскім арганам пачатку XX стагоддзя.

Падчас адной з рэстаўрацый яго дапоўнілі новым педальным рэгістрам, а частку труб вынеслі на фасад. Дзякуючы гэтаму яго гучанне стала больш выразным, яркім і глыбокім.

Фота: ars_magna_organi / Instagram

Незвычайна вырашылі і пытанне з усталяваннем інструмента. У пружанскім касцёле яго размясцілі не на парапеце, а ў глыбіні хораў. Такое рашэнне дазволіла дабіцца лепшай акустыкі і пакінуць месца для хору і камерных ансамбляў.

Хто першым сыграе на ім

Такі гонар выпаў сусветна вядомаму арганісту Штэфану Энгельсу, прафесару Паўднёвага метадысцкага ўніверсітэта ў Даласе.

Яго выступленне адбудзецца ў рамках фестывалю Ars Magna Organi, які праходзіць у дзевяці касцёлах Беларусі з 30 мая па 4 кастрычніка.

Да канца музычнага форуму ў пружанскім касцёле адбудзецца яшчэ 15 бясплатных канцэртаў, на якіх выступяць беларускія і замежныя арганісты.

Загрузка...

Нет больше страниц для загрузки

Нет больше страниц для загрузки