Падчас правядзення ўборачнай органамі ўнутраных спраў у кожным раёне Беларусі створаны спецыяльныя рабочыя групы.
У іх уваходзяць прадстаўнікі розных службаў, якія вядуць маніторынг сельгаспрадпрыемстваў па пытаннях прафілактыкі і выяўлення злачынстваў, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ГУБЭЗ Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Аўсяевіч, перадае БелТА.
"З 60 выяўленых злачынстваў у сельскай гаспадарцы за апошні месяц фактычна 90% – крадзяжы. Прадметам злачынстваў з'яўляюцца гаруча-змазачныя матэрыялы, запчасткі ад сельгастэхнікі і ўдабрэнні", – адзначыў прадстаўнік МУС.
Маюць месца і хабары. Іх часцей атрымліваюць службовыя асобы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў "за спрыяльнае вырашэнне пытанняў" падчас працэдур закупак або заключэння дагавораў на рамонт тэхнікі, яе арэнду.
Нядаўна супрацоўнікі УБЭЗ УУС Віцебскага аблвыканкама дакументальна зафіксавалі факт атрымання хабару адным з дырэктараў сельгаспрадпрыемства на суму больш за 50 тыс.. Пытанне датычылася заключэння дагавора арэнды.
Не мінае, на жаль, праблема – п'янства. Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення ГУБЭЗ МУС, устаноўлена пяць фактаў кіравання транспартнымі сродкамі работнікамі АПК у стане алкагольнага ап'янення.