У беларускім судзе разгледзелі чацвёртую па ліку крымінальную справу жыхара Слаўгарадскага раёна і ўсё па адной і той жа прычыне – ухіленне ад прызыву на ваенную службу.
У гэты раз злосны ўхіліст планаваў дачакацца заканчэння прызыўнога ўзросту ў Маскве. Падрабязнасці справы расказалі ў прэс-службе Вярхоўнага Суда.
Лёс ухіліста
Тройчы супраць маладога чалавека ўзбуджалі крымінальныя справы за ўхіленне ад арміі і тройчы хлопцу неверагодна шанцавала. Ад адказнасці яго кожны раз вызваляла амністыя. Напрыклад, пад дзеянне апошняй у маі 2025 года ён трапіў як пацярпелы ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Праз тры тыдні пасля спынення апошняй крымінальнай справы хлопец атрымаў чарговую павестку і паверыў у сябе. Замест ваенкамата малады чалавек выбраў Маскву. Там беларус планаваў пажыць менш за год – аж да заканчэння прызыўнога ўзросту.
Аднак бог любіць тройцу, таму чацвёртае ўхіленне рабіць было не варта. Хлопца затрымалі расійскія паліцэйскія.
Суд Слаўгарадскага раёна прызначыў яму год калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 30 базавых велічынь (1350) па ч. 1 арт. 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У Вярхоўным Судзе нагадалі, што спробы схавацца, выехаць за межы краіны або доўгачасовае ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву не вызваляюць ад выканання воінскага абавязку і не дазваляюць пазбегнуць крымінальнай адказнасці.