Улады Літвы хочуць увесці для грамадзян Беларусі і Расіі адразу некалькі новых абмежаванняў. Яны могуць закрануць куплю нерухомасці, уезд у краіну, а таксама ўладкаванне на працу ў асобных сферах, паведамляе Office Life са спасылкай на РБК.
Адпаведныя прапановы падрыхтавала Міністэрства замежных спраў Літвы. Іх яшчэ трэба будзе разгледзець і зацвердзіць.
Калі ініцыятыву прымуць, новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня 2027 года.
Што хочуць забараніць
Беларусаў і расіян з відам на жыхарства ў Літве могуць пазбавіць магчымасці купляць жыллё побач са стратэгічнымі аб'ектамі і ваеннымі палігонамі.
Для такіх здзелак збіраюцца стварыць спецыяльны механізм ацэнкі рызыкі.
Што яшчэ прапануюць
Літоўскія ўлады хочуць закрыць уезд у краіну артыстам і спартсменам, якія публічна падтрымліваюць ваенныя дзеянні ва Украіне.
Падобныя меры прапануюць унесці для прадстаўнікоў арганізацый, якія працавалі на тэрыторыі Украіны, якую Кіеў больш не кантралюе.
Таксама пад абмежаванні могуць трапіць людзі, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях або адкрыта падтрымліваюць іх.
І гэта яшчэ не ўсё
Асобныя патрабаванні маюць намер увесці для беларусаў і расіян, якія збіраюцца працаваць у Літве ў сферы адукацыі, навукі, культуры, спорту, мастацтва і г.д..
Ім прапануюць падпісаць публічную дэкларацыю з асуджэннем дзеянняў РФ. Калі чалавек адмовіцца, яму могуць забараніць уезд у краіну.