Сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёнаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці і Паазер'я – у Віцебскай плануюць даць дадатковы імпульс на перыяд да 2030 года.
Планы замацаваны ва ўказе №216 "Аб мерах па развіцці асобных рэгіёнаў", які 7 ліпеня падпісаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.
На Магілёўшчыне гаворка ідзе аб сямі раёнах: Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім і Чэрыкаўскім.
На Віцебшчыне новы ўказ закране таксама сем раёнаў – Браслаўскі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Лепельскі, Мёрскі, Полацкі і Ушацкі. Усе яны ўваходзяць у так званае Паазер'е.
Падпісаны прэзідэнтам дакумент накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў для развіцця рэгіёнаў, з'яўленне там новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, рэалізацыю інвестыцыйных праектаў.
Канкрэтныя меры
Згодна з указам плануецца даць трансферты з рэспубліканскага бюджэту для кампенсацыі да 35% капітальных затрат, панесеных пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з прыцягненнем крэдытаў Банка развіцця.
У дакуменце пазначаюцца патрабаванні да праграм, якія прэтэндуюць на такое фінансаванне. У прыватнасці, у гэтых інвестыцыйных праектах павінна быць пацверджана эканамічная эфектыўнасць і абгрунтаваны тэрміны акупнасці.
Таксама ў планах зацвярджэнне на 2026-2030 гады Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны і дапаўненне адпаведным раздзелам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебшчыны. Гэтыя дакументы будуць разглядаць абласныя Саветы дэпутатаў.
Акрамя таго, для названай тэрыторыі Магілёўскай вобласці падрыхтаваны шэраг дадатковых мер. Сярод іх:
-
актуалізацыя і прадаўжэнне дзеяння некаторых указаў;
-
фінансаванне закупкі тэхнікі за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў у роўных долях у рамках тэхнічнага перааснашчэння арганізацый;
-
магчымасць закупкі цёлак і цялушак буйной рагатай жывёлы сельгасарганізацыямі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.