Навучальныя зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў пачаліся ў двух рэгіёнах Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Мерапрыемствы праводзяцца пад кіраўніцтвам старшынь адпаведных выканаўчых камітэтаў у Гомелі, Светлагорскім і Акцябрскім раёнах Гомельскай вобласці і Заводскім раёне Мінска.
На зборах мясцовыя ўлады павінны палепшыць навыкі ў фарміраванні воінскіх частак і падраздзяленняў тэрабароны, а салдаты – у выкананні задач па прызначэнні.
У канцы збораў ваеннаабавязаныя Гомельскай вобласці прымуць удзел у камандна-штабным вучэнні пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны – намесніка начальніка Генштаба УС.
А сілы мінскай тэрабароны апрабуюць свае навыкі ў тактычным вучэнні пад кіраўніцтвам намесніка старшыні гарвыканкама.
Працягнуцца зборы з 1 па 25 верасня.
Лукашэнка пачаў праверку ўзброеных сіл
У Беларусі вырашылі адмабілізаваць адну з артылерыйскіх брыгад узброеных сіл цэнтральнага падпарадкавання. Частку яе падраздзяленняў даўкамплектуюць да штатаў ваеннага часу.
З такім распараджэннем ад Аляксандра Лукашэнкі Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч прыйшоў да міністра абароны Віктара Хрэніна.
Згодна з задумай, злучэнне будзе выконваць вучэбна-баявыя задачы з прыцягненнем войскаў умоўнага праціўніка з мэтай праверкі баяздольнасці брыгады.
Як заявіў Вальфовіч, стартаваў новы этап раптоўнай праверкі ўзброеных сіл па распараджэнні галоўнакамандуючага.
"У адрозненне ад папярэдняй праверкі, дзе распараджэнні ўручаліся непасрэдна камандзірам воінскіх частак, асаблівасцю бягучага кантролю з'яўляецца праверка функцыянавання ўсёй вертыкалі кіравання – ад міністра абароны да камандзіра асобнага падраздзялення", – адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням выкарыстання сучасных спосабаў агнявога паражэння і кіравання імі з улікам вопыту ваенных канфліктаў ва Украіне і Іране.