У Беларусі навучэнцы каледжаў будуць ездзіць на вучэбна-палявыя зборы. Колькі яны будуць доўжыцца, расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас гарадскога форума педагагічных работнікаў "Мінск адукацыйны: тэрыторыя канкрэтных спраў", пішуць "Мінск-Навіны".
Упершыню ў гэтым годзе зборы з 10-класнікамі прайшлі ў фармаце кругласутачнага знаходжання. Каля 15% школьнікаў правялі пачатак лета ў казармах.
Паводле слоў Іванца, з наступнага года ўсе вучэбна-палявыя зборы павінны праводзіцца на базе вайсковых частак альбо цэнтраў прызыўной падрыхтоўкі.
Новую практыку будуць распаўсюджваць і на навучэнцаў каледжаў. Ужо ў 2026/2027 навучальным годзе для іх арганізуюць пяцідзённыя вучэбна-палявыя зборы.
А ўжо з наступнага года іх працягласць будзе павялічана да 10 дзён па аналогіі з 10-класнікамі. Арганізуюць іх таксама на базе вайсковых частак.
Як падлеткам жывецца на зборах
Зборы для вучняў старшых класаў былі максімальна набліжаны да рэальных армейскіх умоў.
Раніца ў юных навабранцаў пачынаецца з пад'ёму і ўмывання. Затым – снеданне, пасля яго – пастраенне. Пасля заняткаў – абед. Потым – час на адпачынак, і зноў пачынаюцца заняткі.
Старшакласнікі жылі ў армейскіх палатках. Не больш за 15 чалавек у кожнай. Пры засяленні яны атрымалі матрацы, пасцельную бялізну і ручнікі.
У палатках было асвятленне, на выпадак халодных начэй там дадаткова ўсталёўвалі абагравальнікі. Для гігіенічных працэдур разгорнутыя мабільныя сістэмы армейскіх умывальнікаў. А цалкам памыцца можна ў лазні.
Для падлеткаў было запланавана стандартнае меню, набліжанае да армейскага. Арганізаваны снеданне, абед, падвячорак і вячэра. На падвячорак старшакласнікам выдавалі шакалад і малако.