У Беларусі загаварылі аб павышэнні нараджальнасці. Гэту тэму абмеркаваў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў, піша БелТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, бацькам і цяпер аказваецца нядрэнная матэрыяльная падтрымка. За першае дзіця належыць 5 тыс, а на другое і наступнае – больш за 7 тыс. А таксама штомесячная дапамога мінімум 1 тыс.
"Здавалася б, нараджайце! На поўным дзяржаўным забеспячэнні дзеці. Але сучасны свет стаў занадта прагматычны. Моладзь спачатку імкнецца вырашыць іншыя пытанні – адукацыя, кар'ера, яшчэ нешта, а потым ужо раджаць", – выказаў думку Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што за апошнія 10 гадоў узровень дабрабыту беларусаў вырас у два разы, пры гэтым нараджальнасць моцна скарацілася.
"Каб мы не зніклі як нацыя і было каму працаваць, усё проста, як двойчы два: двое бацькоў – двое дзетак. Гэта база, як кажа моладзь. А лепш – трое і больш", – прапанаваў прэзідэнт.
Як хочуць стымуляваць нараджальнасць
Лукашэнка заявіў, што трэба знайсці дзейсную форму, якая ажывіць дэмаграфічныя працэсы і стане матывацыяй да ўсвядомленага бацькоўства і мацярынства, зробіць іх модным трэндам.
Урад ужо прапанаваў карэнным чынам перагледзець меры дзяржаўнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі. Аднак кіраўнік дзяржавы пазначыў шэраг пытанняў, якія непакояць.
"Ці ёсць гарантыя, што пашырэнне фінансавых стымулаў сапраўды надасць імпульс нараджальнасці?" – удакладніў прэзідэнт.
Ён таксама спытаў пра сусветны вопыт, доўгатэрміновы эфект (на пяць і больш гадоў) ад магутнай дзяржаўнай падтрымкі і ўплыву на бюджэт, эканоміку краіны.
Прапануюць змяніць падыход да выплат
На нарадзе ў прэзідэнта абмеркавалі новы падыход да дапамогі сем'ям з малымі дзецьмі. Мінпрацы прапануе прывязаць памер штомесячнай дапамогі да рэальных даходаў атрымальніка, а не пакідаць яго аднолькавым для ўсіх, як сёння.
Але мінімальны памер застанецца не ніжэй за цяперашні, а максімальны – не вышэй за сярэднюю зарплату па краіне.
Па стане на жнівень 2026 года, памер штомесячнай дапамогі на першае дзіця складае 1057,7, на другое і наступных дзяцей – 1208,8.
Мінімальная планка захаваецца для ўсіх сем'яў. А вось максімальны памер выплат будзе абмежаваны ўзроўнем сярэдняй заработнай платы ў краіне. У чэрвені яна склала 3104,1.
Колькі дзяцей з'явілася ў 2025 годзе
Як гаворыць Белстат, за 2025 год у Беларусі нарадзілася 54 257 дзяцей. Для параўнання: у 2024 годзе на свет з'явілася 58 938 немаўлят, у 2019-м – 87 602, у 2018-м – 94 042, а ў 2017 годзе – 102 556.
Лідарам па колькасці нованароджаных стаў Мінск. У сталіцы ў 2025 годзе нарадзілася 9543 дзіцяці.
Сярод рэгіёнаў першае месца заняла Брэсцкая вобласць – 9285 дзяцей. Амаль упрытык да яе размясцілася Мінская з паказчыкам 9139 нованароджаных.
На Гомельшчыне за год з'явілася на свет 8350 дзяцей. Далей ідзе Магілёўская вобласць, дзе ў 2025-м нарадзілася 6131 дзіця.
Замыкаюць спіс Гродзенская і Віцебская вобласці – 6036 і 5773 нованароджаных адпаведна.