Органы пракуратуры Магілёўскай вобласці за першае паўгоддзе накіравалі ў раённыя суды больш за 230 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Маніторынг на прадмет дэструктыўнага кантэнту праводзяць на сістэмнай аснове. Асаблівую ўвагу надаюць выяўленню інфармацыйных крыніц, якія спрыялі рэабілітацыі нацызму, распаўсюджванню нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі.
Стыкеры прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі
Так, пракуратура Чавускага раёна выявіла ў Telegram 119 стыкераў пад назвай Nazi to die. Яны былі прадстаўлены ў выглядзе піктаграм-эматыконаў з выявай Адольфа Гітлера і анімэ-персанажаў.
"На стыкерах дэманстравалася нацысцкая сімволіка і атрыбутыка ў выглядзе свастыкі, рун, у тым ліку сімвалаў "Мёртвай галавы" і "нацысцкага арла", сонечнага кола "Чорнае сонца", сцяга нацысцкай Германіі", – паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.
Па заяве пракурора Чавускага раёна Telegram-стыкеры прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.
У пракуратуры нагадалі, што распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, уключаных у рэспубліканскі спіс, у тым ліку праз спасылкі, рэпосты, лайкі, цягне за сабой адказнасць згодна з арт. 19.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.