У арміі працягваюцца незвычайныя зборы ваеннаабавязаных. Цяперашні прызыў складаецца з тых, хто дрэнна выконваў свае абавязкі падчас уборачнай кампаніі.
Чым займаюцца нядаўнія аграрыі ў адным са злучэнняў сіл спецыяльных аперацый, паведамілі ў Telegram-канале Міністэрства абароны.

Цяпер байцы адпрацоўваюць элементы тактычнай падрыхтоўкі на ваенным палігоне.

На апублікаваным Мінабароны відэа паказана, як мужчыны пераадолелі псіхалагічную паласу, прайшлі абкатку баявымі машынамі БТР-70МБ1 і адпрацавалі эвакуацыю падраздзяленняў на бронетранспарцёрах у раён засяроджання.
Далей удзельнікаў збораў чакае выкананне вучэбна-баявых задач на дзяржаўнай мяжы.

Навошта прызываць аграрыяў
Аляксандр Лукашэнка раней заявіў, што ў армію будуць прызываць работнікаў і кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія дрэнна выконвалі свае абавязкі падчас уборачнай.
Прэзідэнт даручыў міністру абароны Віктару Хрэніну адпраўляць "усіх, хто не ўмее працаваць, у армію і на паўднёвую мяжу, у лес".
Пазней кіраўнік дзяржавы гаварыў, што не збіраецца здзекавацца над людзьмі, а дае ім магчымасць праявіць сябе.
У Мінабароны адзначылі, што за час збораў ваеннаабавязаныя абновяць свае веды, атрыманыя падчас праходжання тэрміновай службы, і азнаёмяцца з новым узбраеннем.