З 15 кастрычніка 2026 года стане прасцей афармляць еўрапратаколы, расказаў генеральны дырэктар Беларускага бюро па транспартным страхаванні Ігар Клепча, піша БелТА.
Магчымасць аформіць ДТЗ без выкліку ДАІ ў Беларусі існуе ўжо 16 гадоў.
А каб можна было зрабіць гэта максімальна проста, з 15 кастрычніка будзе даступны вэб-дадатак, які дазваляе запаўняць паведамленне пра ДТЗ у электронным выглядзе з любой мабільнай прылады пад кіраваннем любой аперацыйнай сістэмы. Яго нават не трэба ўсталёўваць на гаджэце.
"Усё гэта абсалютна бясплатна. І значна хутчэй, чым на паперы. Электроннае паведамленне інтуітыўна вельмі простае. Калі на папяровае спатрэбіцца ў сярэднім 10–15 хвілін, то электроннае можна запоўніць за тры хвіліны", – адзначыў гендырэктар бюро па транспартным страхаванні.
Для запаўнення электроннага паведамлення ў абодвух кіроўцаў павінны быць тэлефоны з дзеючымі абаненцкімі нумарамі беларускіх аператараў сувязі. Хаця б у адной прыладзе павінна быць камера, доступ да інтэрнэту і геалакацыі.
Па словах Ігара Клепчы, аформіць можна толькі ДТЗ, якое адбылося на тэрыторыі Беларусі з транспартнымі сродкамі, зарэгістраванымі ў нашай краіне і не знятымі з уліку. А дата запаўнення электроннага паведамлення павінна адпавядаць даце ДТЗ.
Спасылка на вэб-дадатак з 15 кастрычніка з'явіцца на сайце Беларускага бюро па транспартным страхаванні.
Для кансультацый кіраўнік Беларускага бюро па транспартным страхаванні параіў званіць у кол-цэнтр па кароткім трохзначным нумары 140. З 15 кастрычніка яго супрацоўнікі будуць нагадваць пра вэб-дадатак і падказваць, як правільна ім скарыстацца.