Міленіялы ўсё часцей сумна глядзяць на зумераў. Адна з галоўных прычын – "страчанае ў інтэрнэце дзяцінства".
Многія беларусы, старэйшыя за 25 гадоў, упэўненыя: сённяшнія падлеткі праводзяць лепшыя гады, прападаючы ў смартфонах і сацсетках.
Але, здаецца, яшчэ не ўсё страчана, пакуль ёсць людзі, якім шчыра хочацца перадаць свае веды і вопыт новаму пакаленню.
Журналісты Tochka.by выправіліся ў беларускую глыбінку на пошукі незвычайнага творчага клуба для дзяцей і дарослых. І знайшлі сапраўдны брыльянт.
З бібліятэкара – у захавальніцу народных таямніц
Амаль чатыры гадзіны шляху з Мінска – і мы на месцы: у вёсцы Старая Буда.
Ледзь выходзім з машыны, як насустрач на ровары каціцца ўсмешлівая энергічная жанчына. Гэта Людміла Харулёва – вясковаы бібліятэкар. Да яе мы сёння і прыехалі.

Людміла вырасла ў суседняй вёсцы Елянец – у тых мясцінах сакрэты лекавых раслін ведала і захоўвала амаль што кожная гаспадыня. Народная медыцына заўсёды была часткай іх жыцця.
Але сур'ёзна гэтай справай Людміла занялася, толькі ўзначаліўшы бібліятэку і Музей народнай медыцыны, які адкрыўся ў Старой Будзе ў 1992 годзе.

Яго заснавальніца Ніна Сярэбраная аднойчы ўбачыла ў Чачэрску стэлаж з лекавымі раслінамі і загарэлася ідэяй стварыць такую ж прыгажосць у сябе ў вёсцы. Дапамаглі медыцынскі дыплом і сакрэты мамы ды бабулі – вядомых у акрузе знахарак.


Праз гады, сыходзячы на пенсію, Ніна Уладзіміраўна перадала справу Людміле і працягнула наведваць клуб у якасці звычайнай удзельніцы. Людміла цяпер сціпла кажа, што прыйшла "на ўсё гатовае", але насамрэч яна дапамагла спадчыне не згаснуць.
Таямнічы пакой
Пакуль мы ішлі па Старой Буде, з Людмілай павітаўся літаральна кожны мінак. У гэтым і крыецца самая прыемная асаблівасць вёскі: тут усе свае.
Хвілін праз 10 паказаўся 2-павярховы будынак бібліятэкі.
Пад клуб народнай медыцыны тут адведзены адмысловы пакой на верхнім паверсе. Падымацца туды давялося па высокай драўлянай лесвіцы.

Раней на другім паверсе працавала пошта. Але вось ужо дзясяткі гадоў у гэтым ціхім адасобленым пакоі захоўваюцца толькі кнігі і сухія травы. Іх насычаны густы водар адчуваецца яшчэ на парозе.


Звычайна сабраны ўраджай Людміла сушыць проста на вуліцы ля ўваходу ў музей і ніколі не перажывае, што яго скрадуць.
Вяскоўцы тут сумленныя і прыстойныя: чужога не возьмуць. А калі ўбачаць, што пучкі траў здзьмула ветрам або рассыпала, то абавязкова падымуць і акуратна павесяць на месца.
Вясковая моладзь – у тэме
У вясковай бібліятэцы заўсёды шумна. Людміла прызнаецца: сумна тут не бывае ніколі.
У клуб цягнецца і моладзь. Бібліятэкар лёгка ловіць агульную хвалю з новым пакаленнем.
Вясковыя дзеці лічаць яе сваёй сяброўкай і без сарамлівасці клічуць па імені – проста Люда, на што яна зусім не крыўдуе.
"У нашай глыбінцы разгуляцца няма дзе, вось усе і бягуць у бібліятэку. Мясцовым вельмі не хапае жывых зносін, нейкага «кіпішу»", – патлумачыла жанчына.

Цяпер самаму юнаму ўдзельніку аб'яднання 16 гадоў, а старэйшаму – 74, але часта забягаюць і зусім яшчэ малыя дзеці.
Як высветлілася, сучасным падлеткам, якія не выпускаюць з рук смартфоны, сапраўды ёсць чаму павучыцца ў мясцовых бабуль.
"Мы часта даем дзяўчатам і хлопцам жыццёвыя парады, калі яны звяртаюцца па дапамогу, няхай гэта будзе вучоба, сяброўства ці справы сардэчныя", – адзначае Людміла.
Акрамя таго, старэйшае пакаленне вучыць падлеткаў беражліва ставіцца да прыроды і чысціні ў роднай вёсцы.

І, вядома, перадае веды аб народнай медыцыне.
Заспакаяльнае для зумераў
Думаеце, падлеткам няма справы да бабуліных рэцэптаў? А вось і не: у мясцовай моладзі прачнулася нежартоўная цікавасць да лекавых збораў.

Напачатку лета Людміла адправілася на кніжны фестываль у Гомель і прывезла з сабой дзясяткі мяшэчкаў з карыснымі зборамі.

У той дзень заспакаяльная гарбата разышлася імгненна. Гарадская моладзь ахвотна разбірала карысныя зборы.

А калі ў бібліятэкара скончыліся тканевыя мяшэчкі, хлопцы і дзяўчаты прыходзілі са сваімі пакецікамі.
Дарэчы, фірмовы заспакаяльны збор – галоўны хіт мясцовых траўніц. Яго рэцэпт Людміла ў сакрэце не трымае.

Аснова гэтага міксу – класічная мята і меліса. Для глыбокага ляснога водару гаспадыня дадае чабор і высушанае лісце суніц.
"Ну і ліпы можна дадаць трошкі – для прыгожага залацістага колеру", – адзначае яна.
"Прывожу сюды дачку"
Знаёмімся са старажыламі клуба: вясковымі бабулямі, мужчынамі і маладымі дзяўчатамі.
Напрыклад, Паліне Грыцковай ужо 22 гады, а травамі яна цікавіцца з другога класа.
"Калі я была маленькай, часта заглядвала ў бібліятэку. Людміла Фёдараўна заўсёды частавала нас смачнай гарбатай, пакуль мы выбіралі і чыталі кніжкі", – успамінае Паліна.
Школьніцы так спадабалася гэтая атмасфера, што яна стала прыходзіць усё часцей, а з часам ператварылася ў паўнавартаснага ўдзельніка клуба.

І вось ужо Паліна на правах гаспадыні дапамагае са зборам і сушкай раслін, а на гарбату часам прыводзіць сваю маленькую дачку.
Старэйшае пакаленне клуба – Надзея Пятроўна, Вера Анатольеўна, Ганна Андрэеўна, Ала Міхайлаўна, Людміла Віктараўна і Віктар Іванавіч – прыходзяць на сустрэчы як на душэўныя пасядзелкі з сябрамі.

Яны ахвотна дзеляцца сакрэтамі з моладдзю і разам ствараюць новыя рэцэпты.
Сакрэты нарыхтоўкі траў
Пасля знаёмства разам з дасведчанымі траўніцамі выпраўляемся на пошукі лекавых раслін.
Дарэчы, у аматарскім аб'яднанні да падбору раслін падыходзяць асцярожна.


Галоўнае правіла збору – рабіць гэта каля дарогі катэгарычна нельга. Экалагічна чыстыя травы растуць толькі ў глыбіні лясоў і на дзікіх палях.


Пасля збору раслін ідзем вучыцца іх сушыць.
"Нарыхтоўка лекавых раслін – працэс нескладаны, але доўгі: ён цягнецца з ранняй вясны да позняй восені", – тлумачыць траўніца.


Сабраныя пучкі падвешваюць сцяблінкамі ўверх у памяшканні, якое добра праветрываецца, або на вуліцы пад падстрэшкам, каб унутры пастаянна гуляла паветра.

Калі нарыхтоўваюцца асобныя лісцікі, іх роўным слоем раскладваюць на чыстай паперы.

Дакладных тэрмінаў накшталт "роўна тры дні" для сушкі не існуе.
Удзельніцы клуба тлумачаць, што ўсё залежыць ад надвор'я і ад таўшчыні сцяблін. Трава павінна нагадваць сена, стаць сухой і ломкай.

Пасля гэтага застаецца толькі правільна спакаваць ураджай. Найгоршы выбар – цэлафанавыя пакеты, у іх расліны хутка "задушацца".
Звычайна нарыхтоўкі захоўваюць у папяровых кульках або тканевых мяшэчках, і абавязкова у сухім месцы.

Здрабняць травы адразу пасля сушкі не трэба – пучкі выдатна захоўваюцца цэлымі. Перацерці іх можна непасрэдна перад ужываннем.
Мёд з дзьмухаўцоў
Пасля збору і нарыхтоўкі раслін траўніцы запрасілі нас на кубачак гарбаты.
На стале мы адразу заўважылі слоічак з нечым ярка-жоўтым. Аказалася, гэта новы эксперымент адной з удзельніц клуба.

Людміла Віктараўна падзялілася з намі рэцэптам гэтага незвычайнага салодкага пачастунку, які ў народзе называюць мёдам з дзьмухаўцоў. Паўтарыць яго дома зможа кожны.
Чакаць, пакуль мёд астыне, не трэба. Яго разліваюць па слоічках яшчэ гарачым і адразу шчыльна закрываюць накрыўкамі. Пакаштаваць пачастунак можна амаль адразу, але будзе смачней, калі ён астыне. |
На развітанне траўніцы падарылі Tochka.by некалькі духмяных травяных гарбат: ліпу, рамонак, мелісу і душыцу.
Праводзілі нас вялікай і дружнай кампаніяй. І, здаецца, пакуль у беларускай глыбінцы жывуць такія неверагодна захопленыя людзі, сувязь пакаленняў ніколі не абарвецца.


А ў зумераў будзе нагода адкласці смартфоны дзеля кубка гарачай гарбаты.