Чацвярых беларусаў, якія пацярпелі ў ДТЗ у Грузіі, выпісалі з бальніц. Пра гэта паведаміў надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі Мікалай Рагашчук, піша БелТА.
Аднаго пацыента выпісалі з Рэспубліканскай клінікі ў Батумі і трох – з бальніцы Чахатауры.
"Астатнія пацыенты пакуль знаходзяцца пад назіраннем, ім аказваецца ўся неабходная дапамога. Цяжкіх хворых няма, але грузінскія ўрачы настойваюць, каб яны яшчэ пару дзён пабылі пад назіраннем. Ім аказваецца ўся неабходная дапамога, у тым ліку зроблена камп'ютарная тамаграфія і рэнтген", – сказаў Мікалай Рагашчук.
Ён сказаў, што ў бліжэйшыя два-тры дні будзе вырашана пытанне з рэпатрыяцыяй першых двух цел пары 20–21 года, у пачатку наступнага тыдня на радзіму будуць адпраўлены яшчэ двое загінулых.
Аварыя з беларусамі ў Грузіі
На захадзе Грузіі – у краі Гурыя – адбылося ДТЗ з мікрааўтобусам, у якім ехалі 19 грамадзян Беларусі.
Турыстаў везлі з курортнага пасёлка Гомісмта ў горад Азургеці. Па прадстаўленай МУС Грузіі інфармацыі, кіроўца мікрааўтобуса не забяспечыў бяспечнае кіраванне транспартным сродкам, у выніку чаго мікрааўтобус з'ехаў з дарогі і ўпаў у цясніну.
Чацвёра беларусаў загінулі, 15 чалавек, сярод якіх шасцёра непаўналетніх, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
МУС Грузіі ўзбудзіла крымінальную справу. Ні ў аднаго з пацярпелых няма парушэнняў жыццёва важных параметраў. З шасцярых дзяцей стан аднаго першапачаткова быў цяжкім – у дзіцяці было дыягнаставана эпідуральнае кровазліццё ў мозг. Але, на шчасце, хірургічнае ўмяшанне дзіцяці не спатрэбілася.