Яго творчасць стала адлюстраваннем беларускай зямлі ў самым яе натуральным стане: вясковыя вуліцы і сцяжынкі, бяскрайнія палі, густыя лясы і простыя, шчырыя людзі.
Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года. Гэта знакаміты паэт, драматург, літаратуразнаўца, перакладчык, фалькларыст, грамадскі дзеяч.
А яшчэ ён народны паэт Беларусі, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы і Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева, кандыдат філалагічных навук, прафесар.
І сёння, калі яму магло б споўніцца 95 гадоў, можна прыгадаць яго жыццёвы і творчы шлях.
Хлопчык з вёскі, якому далі імя-шыфр
Ніл Гілевіч нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Акрамя яго, у сям'і гадаваліся яшчэ восем дзяцей: Ліна, Леў (Леўка), Нінел, Іда (Ідзея), двайняты Мікалай і Святлана, Марат, Сальвір (Алесік). Было яшчэ двое, але яны памерлі зусім маленькімі.
Бацькі назвалі сына Нінел – гэта Ленін наадварот. Пазней, ужо падлеткам, ён сам змяніў імя на кароткае Ніл. Бо Нінел неяк у вёсцы не прыжылося.
Ды і баба называла хлопца Нілка, таму перайначылі на Ніл. Дарэчы, Ніл – афіцыйнае праваслаўнае імя, якое сустракаецца ў праваслаўных святцах.

Сваё дзяцінства будучы паэт разглядаў праз прызму вайны і здзіўляўся, што ўвогуле выжыў. Бацька ў 1943 годзе пайшоў у партызаны, быў палітруком у атрадзе "Бальшавік", таму сям'я перабралася ў маміну родную вёску Айнаравічы, бліжэй да лесу.
Там хлопчык пасвіў кароў, як мог прыстасоўваўся да жыцця і нават першы раз закахаўся ў дзяўчынку Фаіну. Гэта была страшная таямніца, якую Ніл аднойчы даверыў сябру. Але шляхі з гэтай дзяўчынай разышліся і больш ніякіх звестак пра яе жыццё паэт не атрымліваў.
Шлях у паэзію
Чытаць хлопчык пачаў у пяць гадоў. Вучыла яго старэйшая сястра. Праз кнігі ён бачыў свет зусім іншым: цёплым, чыстым, добрым. Родная мова захапіла яго, закахала ў сябе.
А вось у школу Гілевіч практычна не хадзіў. Да вайны ён тры гады вучыўся ў Слабодскай сямігадовай школе, а пасля вызвалення Беларусі пайшоў адразу ў пяты клас у суседнюю вёску Гайна.

Паводле ўспамінаў, першы паэтычны ўплыў на яго аказаў Тарас Шаўчэнка. Паэт згадваў, што вельмі любіў яго вершы і хутка запамінаў іх на памяць. Увогуле ён заўсёды дзівіўся, што старэйшы брат вучыў вершы з цяжкасцю.
Асабліва любіў Ніл "Садок вішнёвы каля хаты".
Ён так мне спадабаўся, што я адразу ж запомніў яго, – можа, яшчэ за паўгода да таго, як настаўніца, паводле школьнай праграмы, задала нам на дом заданне: вывучыць на памяць верш Тараса Шаўчэнкі "Садок вішнёвы каля хаты".Дзякуючы гэтаму "садку" ён напісаў свой першы верш. На той момант яму было дзевяць гадоў.
– А я ўжо ведаю яго і магу расказаць! – не сцярпелася мне пахваліцца перад усім класам.
– Ужо ведаеш? Ну то і добра! – сказала настаўніца. – Ты ў нас малайчына, любіш вершы на памяць завучваць.
Паштальёнская праца
Адразу пасля вызвалення будучы паэт пайшоў працаваць калгасным паштальёнам. Ён пешшу прыносіў лісты і газеты ў самыя далёкія куткі раёна.

У 1946 годзе адбыўся паэтычны дэбют: верш "Яблынька" надрукаваў дзіцячы часопіс "Бярозка". Пятнаццацігадовы хлопец з паштовай сумкай стаў аўтарам, чые творы пачалі з'яўляцца на старонках выданняў, якія сам жа і разносіў. Чытачы ацанілі, ім спадабалася.
Сцяжынка да сваіх
Па заканчэнні сямігадовай школы ў 1947 годзе НІл Гілевіч паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча імя Крупскай, якое скончыў у 1951-м. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка нямецкай мовы ў адной са школ Мінска.
Па заканчэнні вучылішча паступіў на філалагічны факультэт БДУ, дзе актыўна ўключыўся ў студэнцкае жыццё, публікаваў свае вершы ў перыядычным друку. Скончыў універсітэт у 1956-м, пасля чаго паступіў у аспірантуру.
З 1958 па 1963 год працаваў таксама літаратурным кансультантам газеты "Звязда".
А яшчэ падчас вучобы Гілевіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, аднакурсніцай Нінай Іванаўнай Кавалёвай.

Яе бацька не прыйшоў з вайны, маці і айчым, які працаваў чыгуначнікам, жылі ў Мінску. Маладыя ажаніліся. У сям'і нарадзіўся і вырас адзін дзіцёнак – сын Сяргей.
Паэт, навуковец, драматург
Першы зборнік Ніла Гілевіча "Песня ў дарогу" выйшаў у 1957 годзе. У зборніках "Прадвесне ідзе па зямлі" (1959) і "Неспакой" (1961) праявіліся асноўныя матывы яго паэзіі: мама, родная мова, малая радзіма, беларуская народная песня.
Дарэчы, менавіта вобраз маці суправаджаў яго амаль усю творчасць:
"У жыцці маім слова найпершае «мама». І цяпер для мяне сама міла гучыць."
У 1961 годзе ў яго выйшаў зборнік сатыры і гумару "Званковы валет". У гэтым жа кірунку было яшчэ некалькі зборнікаў. З 1959-га пачалі выходзіць зборнікі вершаў і паэм для дзяцей. Першы – "Сцяжок на мачце" (1959).
Ён стаў аўтарам вянка санетаў "Нарач" (1964) – першага ў беларускай паэзіі – і рамана ў вершах "Родныя дзеці" (1985), над якім працаваў 12 гадоў.
Першыя строфы рамана Ніл Сымонавіч напісаў у 1972-м. Пісьменнік растлумачыў, чаму гэты твор увогуле з'явіўся:
"Сталася так, што 1970-я гады прынеслі мне многа горкіх стратаў. У лютым 1972-га памёр ад раку лёгкіх бацька Сымон Пятровіч. У красавіку 1976-га памёр ад хваробы сэрца старэйшы на два гады брат Леў Сымонавіч. У жніўні 1978-га – пасля больш чым двух гадоў страшных пакут у поўным паралюшы, без мовы і ў нерухомасці – адышла ў іншы свет мама Кацярына Мікалаеўна. У студзені 1980-га памерла маладзейшая на тры гады сястра Ідзея Сымонаўна. Гэтыя асабістыя страты, што праходзілі праз сэрца адна за адной, прымусілі пільней паўзірацца ў мінулае – пройдзенае і перажытае, глыбей адчуць свой сыноўні і брацкі абавязак і сваю віну…"
У 1980 годзе пабачыў свет зборнік п'ес "Начлег на буслянцы", а ў 1988-м – аповесць "Перажыўшы вайну".
А яшчэ Гілевіч напісаў 15 п'ес, але ніводная з іх не была пастаўлена на сцэне пры яго жыцці. Сам паэт тлумачыў гэта так:
"Відаць, я не маю неабходных драматургу здольнасцяў. П'есу трэба прабіваць, што ўмелі рабіць мае знаёмыя і сябры. Трэба ісці ў Міністэрства культуры, да галоўнага рэжысэра і г.д. Я – палец аб палец не ўдарыў".
Многія лірычныя вершы Ніла Гілевіча натхнілі беларускіх кампазітараў. Больш за 100 яго вершаў пакладзены на музыку. Сярод яркіх прыкладаў – "Шуміце, бярозы" на музыку Ігара Лучанка, якая стала сусветным хітом "А я лягу-прылягу" ў выкананні ВІА "Сябры".
"Больш блізкага яднання, чым музыка і паэзія, я не бачыў", – казаў пра гэтую песню Ніл Сымонавіч.Яшчэ адна знакамітая песня ВІА "Сябры" – "Шлях да Беларусі".
Фалькларыст і перакладчык
Шмат сіл Гілевіч аддаў збору спадчыны вуснай народнай творчасці. Пад яго рэдакцыяй выйшлі некалькі тамоў беларускага фальклору: "Песні сямі вёсак" (1973), "Песні народных свят і абрадаў" (1974), "Лірычныя песні" (1976), "Лірыка беларускага вяселля" (1979), "Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі" (1983).
Паэт пераклаў на беларускую мову звыш 400 твораў розных славянскіх пісьменнікаў. Перавагу аддаваў балгарскай літаратуры, бо лічыў, што яна амаль невядома беларускаму чытачу.
У яго перакладзе з балгарскай выйшлі раманы Паўла Вежынава "Сляды застаюцца" (1960), Стаяна Даскалава "Свая зямля" (1961), а таксама шматлікія зборнікі апавяданняў, лірыкі і анталогіі.
За гэтую працу быў удастоены Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986). Пры гэтым сам паэт шкадаваў, што надаваў перакладам занадта шмат часу на шкоду ўласнай творчасці.
"Шкадую, што займаўся перакладамі ў такім аб'ёме. Маю на ўвазе, што я даў беларускаму чытачу таўшчэзны балгарскі раман, дзве аповесці, шмат апавяданняў, казкі югаслаўскіх народаў і г.д. Гэта я не павінен быў рабіць. Паэзія – мая стыхія, а без перакладаў прозы можна было абысціся спакойна... Мог бы я трошкі больш сілы пакінуць на сваё. Сям-там я трохі перастараўся. Што зробіш – назад не адкруціш".
"Сказ пра Лысую гару"
Паэму "Сказ пра Лысую гару" можна назваць першым паэтычным бестселерам у гісторыі Беларусі. Кніга разышлася тыражом 160 тыс. экзэмпляраў. Больш за 30 гадоў яна выходзіла пад аўтарствам Францішка Вядзьмака-Лысагорскага.

У 2003 годзе твор нарэшце быў выдадзены пад імем Ніла Гілевіча (разам з Міколам Аўрамчыкам).
Змагаўся за беларускае слова
У 1975–1981 гадах Ніл Гілевіч быў рэдактарам альманаха замежнай літаратуры "Далягляды".
У 1990–1996 гадах – старшынёй пастаяннай камісіі Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.
У 1989-м ён заснаваў і ўзначаліў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ). Як дэпутат Вярхоўнага савета узначальваў рабочую групу па выпрацоўцы Закону аб мовах, прынятага 26 студзеня 1990 года, які замацаваў за беларускай мовай статус дзяржаўнай.
Ён не любіў трасянку і лічыў, што яна пераходная ступень да поўнай ліквідацыі беларускай мовы:
"Я катэгарычна супраць трасянкі. Яна – пераходная ступень да поўнай ліквідацыі беларускае мовы. Спачатку, як у базарных бабаў, цераз адно слова – трасянка, а потым замест трасянкі – расейская мова. Вось і ўсё. Трасянка – з'ява пачварная, іншай ацэнкі быць не можа".
Узнагароды і дасягненні
Як навуковец Ніл Сымонавіч выкладаў на кафедры беларускай літаратуры БДУ, выхаваў плеяду літаратараў, а ў 1978 годзе атрымаў званне прафесара.

Апрача гэтага, ён стаў кандыдатам філалагічных навук (1963). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1954-га, з 1981-га – на пасадзе сакратара Саюза пісьменнікаў СССР. У 1976–1990 гады – член прэзідыума, у 1980–1989 гады – першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.
Ніл Гілевіч быў удастоены ордэнаў Дружбы народаў і Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама шматлікіх медалёў, ганаровых грамат і прэмій.
За пераклады літаратурных твораў урад Балгарыі ўзнагародзіў яго ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені. Акрамя таго, з 1987 года ён уваходзіў у праўленне Усесаюзнага таварыства савецка-балгарскай дружбы. Ад Югаславіі паэт атрымаў ордэн Югаслаўскай зоркі са стужкай.
Ніл Гілевіч стаў адным з апошніх беларускіх паэтаў, які быў удастоены звання народнага.
Замест высновы
Ніл Гілевіч пайшоў з жыцця 29 сакавіка 2016-га. Яму было 84 гады. Ён пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
У канцы 2013-га выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў. У 2015 годзе выдадзены зборнік эсэ і ўспамінаў "У віры быцця".

"Я – беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі,
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.
Я – беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае імя:
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма!"