Спытаць эксперта пра нешта складанае і разумнае – задача вырашальная. Куды цяжэй задаць часам наіўнае ці наогул неразумнае пытанне.
Карэспандэнты Tochka.by адкінулі сарамлівасць і сабралі самыя неадназначныя, на першы погляд, пытанні пра веру, духавенства і каталіцкія традыцыі.
Прыадкрыць заслону таямніцы над закулісным жыццём касцёла згадзіўся ксёндз-канонік, настаяцель парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску Юрый Санько.
Як толькі мы агучылі яму сваю ідэю, святар адзначыў, што неразумных пытанняў не бывае. Што ж, нам жа спакайней.
Без мяса па пятніцах
У першую чаргу цікавімся, ці прытрымліваюцца ксёндзы посту кожны дзень усё жыццё.
"Не. Яны наогул нічога не ядуць", – жартуе наш суразмоўнік.
Юрый Санько саркастычна заўважае, што міф пра пажыццёвае галаданне духавенства зарадзіўся дзякуючы народнай ідыёме "АБС" – адна бабка сказала.

Калі ж казаць шчыра, то каталіцкія святары прытрымліваюцца цалкам разумных традыцый у ежы. Сам настаяцель абмяжоўвае сябе ў ежы толькі ў абавязковыя для гэтага дні.
"Кожны каталік павінен пасціцца ў пятніцу і іншыя прадпісаныя дні. Напрыклад, у Папяльцовую сераду, з якой пачынаецца Вялікі пост. А так на працягу ўсяго года кожную пятніцу мы захоўваем пост без мяса", – тлумачыць ён.
Святар упэўнены, што пост не павінен быць для чалавека пакараннем. Вернік мае права выбраць яго свядома. Асабліва калі ў такога рашэння ёсць канкрэтная мэта, напрыклад дапамога бліжняму.
Святары заваёўваюць TikTok
Вырашылі даведацца ў ксёндза Юрыя, ці не супярэчыць хрысціянскім каштоўнасцям тое, што каталіцкія святары танцуюць пад трэнды і здымаюць смешныя відэа ў сацсетках.

На думку суразмоўніка, завесці акаунт можа кожны, аднак важна разумець мэту сваёй прысутнасці ў медыяпрасторы.
"Галоўны пасыл – каб была евангелізацыя. Каб мы не проста танцавалі, а неслі веру Хрыста і паказвалі, што мы звычайныя людзі і выраслі ў такіх жа сем'ях", – звяртае ўвагу ён.
@pax_tv_official Как обычно, шутим шутки, чтобы вас повеселить😁 Подписывайтесь на @pax_tv_official, чтобы укреплять и развивать свою веру!
♬ оригинальный звук - pax_tv_official
У самога ксёндза таксама ёсць акаунт – праект "Пакс ТВ", вядзеннем якога займаецца цэлая каманда. Некаторыя відэа ў ім набіраюць мільёны праглядаў.
Дэтэктывы і Assassin's Creed
Нам стала цікава даведацца, як сучасныя святары ставяцца да папулярных масавых забавак.
Весветлілася, айцец Юрый таксама знаходзіць час для звыклага адпачынку – серыялаў і відэагульняў, – хоць з-за высокай занятасці адпачываць атрымліваецца рэдка.
"У мяне ёсць гульнявая кансоль, пару гульняў у тэлефоне. Часам, калі знаходжу час, гляджу серыялы – у асноўным гістарычныя або дэтэктывы", – кажа суразмоўца.

Сярод любімых гульняў святара на кансолі – папулярная Assassin's Creed, прысвечаная шматвяковаму супрацьстаянню дзвюх тайных арганізацый: асасінаў і тампліераў.
"Там ты можаш не плаціць пяць еўра, каб зайсці ва Фларэнтыйскі сабор", – дзеліцца лайфхакамі настаяцель парафіі.
Храпіць – значыць, медытуе
Абмяркоўваем і кур'ёзныя сітуацыі, якія могуць адбыцца падчас службы. Напрыклад, што рабіць, калі парафіянін раптоўна заснуў і захрапеў проста на імшы.
Айцец Юрый ставіцца да гэтага з разуменнем і гумарам, заўважаючы, што часцей за ўсё такое здараецца падчас пропаведзі.
"Галоўнае – не будзіць яго рэзка, каб не было стрэсу. Храпе – значыць, медытуе. У маленькіх касцёлах, як мой, гэта прыкметна, бо там усё як на далоні", – каментуе ён.

Парафіянін мог прыйсці стамлёным пасля працы, і касцёл стаў адзіным месцам, дзе ён змог супакоіцца і адпачыць. У жарт ксёндз Юрый дадае: па-сапраўднаму крыўдна будзе, калі сам святар засне падчас уласнай пропаведзі.
Мае думкі – мае скакуны
Існуе стэрэатып, што святары не маюць грахоў і ніколі не адчуваюць злосці або раздражнення. Даведваемся ў суразмоўцы, ці могуць ксёндзы лаяцца ўголас або ў думках, калі не атрымліваецца справіцца з эмоцыямі.

Айцец Юрый адкрыта прызнае, што святары – таксама людзі, аднак зрыў на чалавека лічыць самым страшным у служэнні. Дрэнныя думкі могуць з'явіцца ў кожнага, але галоўнае – своечасова іх спыніць і не дазваляць спакусе перарасці ў грэх.
"Здараецца ўсялякае, і для гэтага, дзякуй Богу, ёсць споведзь. Гэта самая добрая магчымасць, каб стаць у праўдзе, прызнацца і ўдасканальвацца", – разважае святар.
Віртуальная вера і язычніцтва са смакам хрысціянства
Сёння ў інтэрнэце можна знайсці трансляцыі набажэнстваў і нават паставіць свечкі ў анлайн-капліцах. Цікавімся, як айцец Юрый ставіцца да спробаў беларусаў асвяціць куліч, ваду або велікодны абед анлайн.
"Захаванне рытуалаў без духоўнасці – гэта проста язычніцтва са смакам хрысціянства. Для нас што галоўнае: асвячэнне ці ўрачыстасць? Дзе любоў, дзе вера, дзе спагада і ўзаемаразуменне?" – задаецца рытарычнымі пытаннямі святар.

На думку нашага суразмоўніка, усе гэтыя дыстанцыйныя рытуалы – толькі спроба спрасціць сабе жыццё і пазбегнуць паходу ў храм.
@pax_tv_official Бывает и такое😄 Подписывайтесь на @pax_tv_official, чтобы укреплять и развивать свою веру!
♬ оригинальный звук - pax_tv_official
Але бессэнсоўнае выкананне абрадаў ператварае веру ў звычайнае павер'е.
Зарок бясшлюбнасці
Наступнае пытанне датычылася адной з самых абмяркоўваных тэм у каталіцтве – цэлібату. Пытаем, чаму каталіцкім святарам лацінскага абраду забаронена ўступаць у шлюб.
Ксёндз тлумачыць, што гэта шматвяковая царкоўная традыцыя. Яна дазваляе святару цалкам прысвяціць сябе Богу і людзям, а таксама пазбаўляе ад складаных адміністрацыйных клопатаў па ўтрыманні сям'і пры пераездзе на новую парафію.

Але забарона на шлюб дзейнічае не ва ўсіх кірунках каталіцызму.
"Ёсць грэка-каталіцкая царква, дзе святарам можна жаніцца. Калі хлопец на старце разумее, што хоча жаніцца, ён выбірае гэты абрад, праходзіць навучанне і знаходзіць спадарожніцу жыцця", – расказвае ксёндз.
Споведзь ананімная?
Карыстаючыся нагодай, пытаем, ці пазнае айцец Юрый сваіх парафіян па голасе на споведзі і як святарам удаецца абстрагавацца ад асабістых адносін да чалавека.

Ксёндз пацвердзіў, што ў святароў сапраўды вельмі добрыы слых. Схаваць сваю асобу за шырмай спавядальні практычна немагчыма, бо ў невялікай парафіі ўсе адзін аднаго ведаюць, але гэта ніяк не ўплывае на зносіны.
"Святар не суддзя, і ён не мае права асуджаць, якімі б цяжкімі ні былі грахі. Яго роля заключаецца ў тым, каб падтрымаць чалавека на шляху ўсведамлення і благаславіць на далейшае ўдасканаленне", – звяртае ўвагу ксёндз-канонік.
"Сёння на службе я і мой кот"
Вырашылі заадно даведацца, ці выганяюць катоў або сабак, калі яны выпадкова забягаюць у храм падчас імшы.
Ксёндз адзначыў, што ніхто не гоніць іх з крыкамі і свістам. Жывёл проста акуратна выводзяць на вуліцу. Хто б гэта ні быў: сабакі, каты ці птушкі. Але так бывае не заўсёды.

Напрыклад, у маленькіх парафіях гадаванцы часам становяцца адзінымі ўдзельнікамі службы.
"Адзін святар часта расказвае: «Сёння на службе былі я і мой кот». Парафія маленькая, служба праходзіць кожны дзень, ну і кот прыходзіць. Што ён, будзе спыняцца і выганяць ката свайго? Не", – дзеліцца гісторыяй наш суразмоўца.
Без сутаны таксама камфортна
Многім здаецца, што ксёндзы ўвесь час ходзяць у строгім адзенні, таму іх вобраз у звычайных джынсах або шортах часта ламае шаблоны ў галовах парафіян.

Айцец Юрый жа прызнаецца, што ён, як і ўсе звычайныя людзі, мяняе сутану на свецкае адзенне. Паводле яго слоў, святары могуць насіць шорты або спартыўную форму, але варта заўсёды памятаць пра свой статус – больш важна сачыць за словамі і паводзінамі, чым за адзеннем.
Навакольныя часта здзіўляюцца і захапляюцца, калі бачаць ксёндза ў грамадзянскай вопратцы, аднак сам айцец Юрый адчувае сябе ўпэўнена ў любым вобразе.
"Мне аднолькава добра і ў свецкім адзенні і ў сутане. Магу спакойна прайсці па горадзе або праехаць у метро, пагуляць у футбол – чаго мне саромецца?" – тлумачыць ён.
Сёння словы "гумар", "трэнд" і "вера" ужо могуць спакойна ўжывацца ў адным радку. А сучасныя беларускія святары руйнуюць стэрэатыпы і даказваюць, што рэлігійнасць выдатна спалучаецца з шчырым жыццялюбствам і самаіроніяй.