"Прэзідэнт-Гатэль" у пятніцу, 9 кастрычніка, стаў маштабнай пляцоўкай для абмеркавання інтэлектуальнай уласнасці (ІУ). Там закранулі як аўтарскія і сумежныя правы, так і прамысловую ўласнасць.
Гэта адбылося ў межах ужо шостай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Яе назва – "Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця".
Рэдактар Tochka.by далучыўся да ўдзельнікаў і пераканаўся ў дынамічных зменах у гэтай сферы.
Перад афіцыйнай часткай
Першай пачала працаваць выставачная экспазіцыя. Яе арганізавалі Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка, Асацыяцыя абароны інтэлектуальнай уласнасці "БелБрэнд", БДУ, ТАА "Магія святла", фабрыка цацак "Палессе" і непасрэдна Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ).
Асабліва сур'ёзна падрыхтавалася "Палессе" – можна было знайсці нават "Набор «Прынцэсы»", зроблены на гэтым прадпрыемстве.

Далей у кулуарах, калі можна так сказаць, сустрэлі першага намесніка генеральнага дырэктара НЦІУ Аляксандра Зайца. Сакрэтаў пра "інтэлектуалку" не расказаў, але заявіў наступнае: "Чакаем заметку! Глядзіце!"
Пазней у кангрэс-холе быў заўважаны Андрэй Лучанок. Так, так, гэта сын таго самага беларускага кампазітара Ігара Лучанка. Той рыхтаваўся да пачатку канферэнцыі, аднак паведаміў, што не будзе выступаць на ёй. Таму зноў без цікавасцей.

Цяпер уся надзея была на дакладчыкаў.
Старшыня ДКНТ – пра змены ў законах
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) Дзяніс Каржыцкі даў першыя каментарыі яшчэ да адкрыцця канферэнцыі. У прыватнасці, закрануў змены ў законах аб абароне правоў інтэлектуальнай уласнасці:
"Спрошчаныя і скарочаныя працэдуры патэнтнай абароны распрацовак аўтараў. Былі дадзеныя больш бясшвовыя магчымасці для атрымання патэнтаў. Напрыклад, усе гэтыя працэдуры можна зрабіць у электронным відзе… Не выходзячы з дома, у прынцыпе, можна атрымаць аброну на распрацоўкі аўтараў", – заявіў ён.
У афіцыйным дакладзе кіраўнік ДКНТ паведаміў, што скарачаюцца тэрміны юрыдычна значных дзеянняў у сферы інтэлектуальнай уласнасці. Усё згодна з Законам №170-З:
-
экспертыза абазначэння, заяўленага на рэгістрацыю ў якасці таварнага знака, – адзін год замест двух
-
публікацыя звестак пра патэнт на вынаходнітцва, карысную мадэль, прамысловы ўзор – 20 рабочых дзён замест 3 месяцаў
-
выдача пасведчання на таварны знак і геаграфічнае ўказанне – пяць рабочых дзён замест аднаго.
Апрача таго, кіраўнік ведамства апісваў змены ў законе аб аўтарскім праве і сумежных правах. Пра новаўвядзенні мы паведамлялі тут.
Гаварыў Каржыцкі і пра крэатыў. Дакладней, пра крэатыўныя індустрыі. Гэта сектар эканомікі, заснаваны на продажы тавараў і паслуг, якія з'яўляюцца вынікам інтэлектуальнай уласнасці. Напрыклад, у сферах арт-індустрыі, фатаграфіі, рэкламы і г.д.

Паводле статыстычных даных, прадстаўленых старшынёй ДКНТ, уклад крэатыўных індустрый у ВУП Беларусі па выніках 2025-га дасягнуў 5%.
Экс-гендырэктар НЦІУ – пра крэатыў беларускіх патэнтаў
На мерапрыемства, натуральна, завітаў віцэ-прэзідэнт Еўразійскага патэнтнага ведамства Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, а калісьці дырэктар НЦІУ Уладзімір Рабаволаў. Менавіта ён заклаў фундамент для правядзення штогадовых канферэнцый па інтэлектуальнай уласнасці ў нашай краіне.
Рабаволаў расказаў пра крэатыў беларускіх патэнтаў. Спачатку – пра патэнт на новы спосаб рамонту дарог. Яго атрымаў БНТУ.
"Мы прывыклі, што старая дарога зразаецца, вывозіцца… Прывозіцца новая. Гэта ўсё [з новым спосабам. – Tochka.by] робіцца на месцы – дабаўляюцца туды неабходныя кампаненты, фібра сучасная, якая перамешваецца. І тут жа робіцца. І трываласць большая, чым у традыцыйным дарожным пакрыцці", – заявіў ён.
І дадаў, што патэнтам зацікавіліся расіяне.

Уладзімір Рабаволаў таксама паведаміў, што адно ТАА атрымала патэнт на аўдыяпрыладу, якая прымушае навушнікі "гучаць як вялікая канцэртная зала". Распрацоўшчык – на перадачу даных унутры камп'ютара. А аўтарскі калектыў з Беларусі – на сістэму, якая з першых хвілін жыцця нованароджанага прадбачыць прыроджаную пнеўманію (ад 5 хвілін да 72 гадзін).
Гендырэктар НЦІУ – пра абарону аб'ектаў ІУ
Генеральны дырэктар НЦІУ Аляксей Курман падрыхтаваў даклад пра абарону аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці ў крэатыўнай эканоміцы.

Падчас выступлення кіраўнік цэнтра асобна спыніўся на дэпаніраванні – працэдуры, якая дазваляе зафіксаваць тое, што твор аўтара існуе на пэўную дату, а чалавек з'яўляецца яго праваўладальнікам.
Так, за 9 месяцаў 2026-га праз яе прайшлі 427 аб'ектаў аўтарскага права. Гэта на 177,3% больш, чым за аналагічны перыяд 2025-га.
Напрыканцы "строгага" пленарнага пасяджэння прагучаў даклад пра штучны інтэлект ад намесніка кіраўніка Расійскага аўтарскага таварыства Рыгора Турынцава, які, абапіраючыся на статыстыку, заявіў, што праз некалькі гадоў многія сферы адчуюць страты з-за ШІ. З гэтай нагоды гендырэктар заявіў: "Пасля гэтага выступлення кожны задумаўся, што будзе далей".
І гэта выказванне таксама прымушае задумацца.
"Палессе", БЕЛАЗ і Mak.by
Далей пачала працу першая і больш "свабодная" секцыя, якая тычылася прамысловай уласнасці.
Арганізатары канферэнцыі зрабілі так, што тэму калабарацыі ў маркетынгавай палітыцы абмяркоўвалі прадстаўнікі "Палесся", БЕЛАЗа і Mak.by.
"Палессе" на слайдзе паказала, што прадпрыемства штодзённа рыхтуе 80 000 цацак.
БЕЛАЗ заявіў пра шматлікія парушэнні правоў на яго таварны знак.

А Mak.by згадваў nkeeei, які некалькі тыдняў таму праводзіў аўтограф-сесію ў ГЦ "Першы нацыянальны гандлёвы дом".
"ФІФА не звярнулася за ўзнагароджаннем"
Наступныя – другая і трэцяя – секцыі праводзіліся адначасова, можна было далучыцца толькі да адной. Паміж лічбавымі тэхналогіямі і інтарэсамі аўтараў абралі другі варыянт.

Мадэратарам гэтай секцыі быў той самы Аляксандр Заяц.
Начальнік упраўлення аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ Канстанцін Галімаў прапанаваў пашырыць магчымасці калектыўнага кіравання, якое забяспечвае выплату ўзнагароджання праваўладальнікам.
Акрамя гэтага, абмяркоўвалі прымусовую ліцэнзію, спрэчныя сітуацыі, баланс асабістых і грамадскіх інтарэсаў, музыку ў грамадскай прасторы і… трансляцыю спартыўных падзей.
"ФІФА не звярнулася за ўзнагароджаннем", – пажартаваў Заяц.
Але ён упэўніў, што ў федэрацыі ёсць магчымасць атрымаць сродкі ў якасці праваўладальніка.
Паказ мод і фінал
Перад канцом канферэнцыі адбыўся паказ модных калекцый беларускіх дызайнераў пры падтрымцы Нацыянальнай школы прыгажосці. Дзяўчынкі і дзяўчыны ў розных адценнях заззялі сярод навукоўцаў і практыкаў.
На заканчэнне Аляксей Курман прызнаў, што ён не заўважыў, як прайшоў час, а ўдзельнікі, па сутнасці, нічога і не паспелі абмеркаваць.
Таму, на думку гендырэктара, трэба збірацца зноў.
"З інтэлектуальнай уласнасцю завязаць так проста не атрымаецца" – гучаць словы ў роліку пра НЦІУ аўтарства Марыі Шматавай і Вольгі Нікіфаравай.
І той факт, што аматары інтэлектуальнай уласнасці сабраліся ўжо шосты раз, пацвярджае гэту фразу.