Дзве новыя лакацыі для адпачынку з'явяцца ў сталіцы, паведаміў агенцтву "Мінск-Навіны" дырэктар "Зелянбуда" Партызанскага раёна Мінска Віталь Весялоў.
Новыя экасцежкі абсталююць уздоўж Сляпянскай воднай сістэмы.
Арганічна і максімальна экалагічна
Кожная экасцежка будзе мець свой уласны "твар" і назву, расказаў Весялоў.
Першая дарожка з'явіцца ў раёне 6-й бальніцы і 14-й паліклінікі. Называцца яна будзе "Парк медыцыны". Там з'явяцца пляцоўкі для заняткаў дыхальнай гімнастыкай і зоны ціхага адпачынку. Усталяваныя на экасцежцы інфармацыйныя стэнды раскажуць адпачывальнікам аб лекавых раслінах.
Другую экасцежку пракладуць на вуліцы Сталетава. "Сямейная" сцяжынка, як лёгка здагадацца з назвы, задумана як зона для адпачынку з дзецьмі. Абсталююць яе нестандартнай паркавай мэбляй і дзіцячымі гульнявымі пляцоўкамі. Уздоўж дарожкі ўсталююць інтэрактыўныя экалагічныя гульні-стэнды.
Пры будаўніцтве новых лакацый будуць выкарыстоўваць толькі натуральныя матэрыялы, падкрэсліў Весялоў. Галоўнае пры стварэнні экасцежак, паводле яго слоў, – арганічна ўпісаць лакацыі ў гарадскую інфраструктуру і падкрэсліць прыродны ландшафт.