У беларускай народнай культуры святы заўсёды былі асаблівымі днямі, па якіх вызначалі будучае надвор’е, высвятлялі нейкія жыццёвыя моманты. Паступова з росквітам навукі давер да прыкметаў зышоў у нябыт. Больш ніхто не сочыць за сонцам, не слухае птушак і не лічыць дажджы.
Але, згадзіцеся, цікава даведацца, як было раней? Таму прапануем зазірнуць у мінулае і ўбачыць дзень Пятра і Паўла вачыма нашых продкаў.
Што гэта ўвогуле за дата
У даўніну лічылася, што менавіта 12 ліпеня прырода робіць апошні глыбокі ўдых перад паваротам да восені. У ім яшчэ адчуваецца водгук Ярылінага дня – свята сонца, жыцця і росквіту, але "Прыйшоў Пятрок, адарваў лісток" і лета няспынна каціцца з пагорка да халадоў.
Абрады і прыкметы Пятровага дня былі звязаныя з будучым ураджаем, надвор’ем і штодзённым жыццём.
Калі зязюля губляе голас
Адна з самых вядомых народных прыкметаў звязана з лясной птушкай. "Зязюля на Пятра і Паўла падавілася ячменным коласом", – казалі ў вёсках. Увесь май і чэрвень яна рупліва адлічвала гады і прадказвала надвор'е, а пасля Пятра раптам змаўкала – нібыта наеўшыся спелых зерняў.
Гэтае было важным знакам: сенакос завяршаецца, жніво пачынаецца, прырода пераводзіць дух.

Хадзілі і народныя прымаўкі: "Хто ў Пятроўку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць", "Святы Пётра ў косы звоніць, святы Паўла граблі робіць".
Як сонца "гуляе" і дорыць шчасце
У ноч на Пятра людзі не спяшаліся класціся спаць. Яны выходзілі за ваколіцу, падымаліся на пагоркі, каб "вартаваць сонца". Верылі, што на Пятроў дзень, як і на дзень пасля Купалля, яно "гуляе" – пераліваецца дзівоснымі колерамі, падскоквае на небе.
Убачыць першыя промні свяціла лічылася вялікай удачай: гэта абяцала абарону ад праблем на цэлы год наперад.
У Пятроўскую ноч таксама распальвалі агні. На Пятра дзяўчаты займаліся пляценнем вянкоў і варажбой. Калі ў дзяўчыны быў хлопец, які ёй падабаўся, яна аздабляла такім вянком... яго каня. Калі жывёла да раніцы не пазбаўлялася ўпрыгажэння, гэта азначала, што малады чалавек адкажа ўзаемнасцю.
Тры крыніцы
Пакуль сонца яшчэ не ўзышло, а раса ляжала серабрыстымі кроплямі на траве, дзяўчаты спяшаліся да лясных крыніц. Патрэбна было знайсці менавіта тры.

Набраўшы крынічнай вады, ёю ўмываліся, каб набыць прыгажосць і здароўе. Лічылася, што менавіта пятроўская вада дорыць твару чысціню, а целу – моц.
Пояс ад хвароб
Сімвалам абароны быў і адметны абрад "апяразвання". Гаспадара дома абвівалі поясам, сплеценым з травы – палыну, святаянніка, "пятрова крыжа".

Гэты жывы абярэг павінен быў ахоўваць спіну падчас цяжкай працы, дадаваць мужчынскай сілы на ўвесь год.
Рыбацкая малітва
Апостал Пётр – заступнік рыбакоў, таму рыбалка на яго дзень была справай амаль абавязковай. Перад тым як закінуць вуду, рыбакі ставілі вялікую свечку да абраза святога і шчыра маліліся.

Лічылася, што "пятроўская юшка", згатаваная са свежага ўлову, прыносіць у хату мір, дастатак і згоду.
Прыкметы на надвор'е
За стагоддзі назіранняў склаліся і надзейныя прыкметы, якія дапамагалі сялянам планаваць працу. Калі на Пятра праходзіў адзін дождж – ураджай будзе нядрэнны. Два дажджы – да багатых засекаў. Тры – да такога ўраджаю, што "гумны будуць ламіцца".
А вось ясны, спякотны дзень лічыўся трывожным знакам – святыя "паслалі спякоту", якая можа спаліць пасевы. Багатая раса абяцала пагоду, а пажоўклае лісце на бярозе – раннюю восень.
А якія прыкметы на гэты дзень ведаеце вы? Пішыце нам на nfo@tochka.by, каб пра гэтае даведаліся і іншыя.