Небяспечнага шкодніка з Чорнай кнігі знайшлі на Палессі – што гэта за ён

Аддзел навінаў
Родам няпрошаны госць з Паўночнай Амерыкі.
Небяспечнага шкодніка з Чорнай кнігі знайшлі на Палессі – што гэта за ён
Фота: Нацыянальны парк "Прыпяцкі"

На тэрыторыі Нацыянальнага парку "Прыпяцкі" навукоўцы ўпершыню выявілі шкоднае насякомае, якое занесена ў "Чорную кнігу інвазійных відаў жывёл Беларусі".

Гаворка ідзе пра цыкаду бізонью, якую таксама называюць бодушкай бізоньяй. Яна можа нанесці сур'ёзную шкоду раслінам.

Непажаданага госця заўважылі ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна падчас даследчых работ, паведамілі ў нацпарку.

Што гэта за насякомае

Сваю незвычайную назву цыкада атрымала дзякуючы знешнасці. У яе светла-зялёны панцыр з трыма характэрнымі вырастамі, якія нагадваюць галаву бізона.

Пры гэтым сам шкоднік зусім невялікі. Даўжыня цела дасягае ўсяго каля 10 мм.

Аднак мініяцюрныя памеры не перашкаджаюць гэтаму насякомаму хутка асвойваць новыя тэрыторыі, паколькі ў яго моцна развіта "скакучасць". За гадзіну яно можа пераадолець адлегласць да 50 м.

Адкуль узялося

Радзімай цыкады бізоньяй лічыцца Паўночная Амерыка. У Беларусь яна пранікла з боку Украіны.

Упершыню гэты від зарэгістравалі на тэрыторыі нашай краіны яшчэ ў пачатку 2000-х. А сёння шкоднік сустракаецца ўжо амаль паўсюдна.

У чым пагроза

Асаблівую небяспеку гэта насякомае ўяўляе для маладых пладовых дрэў, дэкаратыўных хмызнякоў і вінаграднікаў.

Самкі адкладваюць яйкі ў маладыя парасткі раслін, для чаго робяць ў іх характэрныя надрэзы. Гэта можа аслабляць расліны і дрэнна ўплываць на іх далейшае развіццё.

Загрузка...

Нет больше страниц для загрузки

Нет больше страниц для загрузки