Рус

Непагадзь у Беларусі закранула не толькі дрэвы – ёсць пацярпелы

Аддзел навінаў
Наступствы вячэрняй і начной навальніцы ліквідуюць па ўсёй краіне.
Непагадзь у Беларусі закранула не толькі дрэвы – ёсць пацярпелы
Скрыншот: МНС Беларусі / Telegram

Па Беларусі ўвечары 6 жніўня прайшоў навальнічны фронт з парывамі ветру да 29 м/с. Наступствы вялізныя: непагадзь нарабіла шкоды ў населеных пунктах кожнай вобласці.

У Вілейскім раёне на Міншчыне пацярпеў дзіцёнак 2018 года нараджэння. Гэта здарылася на кемпінгу каля вёскі Корбузі. МНС паведамляе, што пацярпелага шпіталізавалі.

Для аператыўнага рэагавання і прыняцця мер па ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці і Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці правялі пасяджэнні камісіі па НС пры раённых выканаўчых камітэтах.

Стан пацярпелага

Галоўны ўрач Вілейскай ЦРБ Ірына Макарава расказала, што брыгада хуткай дапамогі даставіла хлопчыка ў прыёмны пакой у 03:45 у суправаджэнні мамы, піша "Мінская праўда".

Яго агледзелі дзяжурны змены, хірург, траўматолаг, педыятр.

"Стан пры паступленні быў бліжэй да задавальняючага. Дзіця абследавана, зроблены рэнтгенаграмы, узяты аналізы, аказана дапамога, накладзены павязкі", – паведаміла галоўны ўрач.

Яна адзначыла, што 7 жніўня ў 09:30 па патрабаванню бацькоў хлопчыка выпісалі з бальніцы ў задавальняючым стане па месцы жыхарства, у горад Жодзіна.

Зачапіла дахі і гаспадарчыя пабудовы

Усяго пацярпелі 57 населеных пунктаў.

У Віцебскай вобласці пашкоджаны дахі 12 жылых дамоў, 6 сельскагаспадарчых і 9 гаспадарчых пабудоў, у Гродзенскай вобласці – дахі 44 жылых дамоў, у Мінскай вобласці – дахі 7 жылых дамоў, 5 гаспадарчых пабудоў, паведамілі ў МНС. Цяпер вядуцца аднаўленчыя работы.

У ведамстве зафіксавалі 280 выпадкаў падзення дрэў. Найбольш прыйшлося на Віцебшчыну (91) і Міншчыну (80).

Дрэвы, якія ўпалі, пашкодзілі 14 легкавых аўтамабіляў і затрымалі ў дарозе пару цягнікоў у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці.

Ліквідуюць парушэнні электразабеспячэння

У больш чым 400 населеных пунктаў зафіксаваны пашкоджанні ліній электраперадач. Цяпер 180 брыгад энергетыкаў вядуць аднаўленчыя работы.

Найбольш складаная сітуацыя – у Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Для ўзмацнення дзеючых брыгад на Міншчыну накіравалі падмацаванне з Брэсцкага, Магілёўскага і Віцебскага рэгіёнаў.

Наймацней пацярпеў Вілейскі раён, дзе непагадзь закранула 172 населеныя пункты. Там пашкоджаны 20 ліній электраперадачы 10 кВ, ёсць пашкоджанні апор і масавыя падзенні дрэў.

У Міністэрстве энергетыкі адзначылі, што разам з аднаўленнем электразабеспячэння ўсіх спажыўцоў асаблівую ўвагу надаюць сельскагаспадарчым прадпрыемствам, якія забяспечваюць правядзенне ўборачнай кампаніі.

Загрузка...

Нет больше страниц для загрузки

Нет больше страниц для загрузки