Уявіце звычайны манікюрны салон. Абавязкова ў вашай галаве з'явіліся нюдавыя сцены, ціхая музыка, кава ў прыгожым кубку і майстар у акуратным фартуху.
А цяпер пасадзіце пасярод усяго гэтага 39-гадовага мужыка ў кепцы, які не супраць выпіць піўца, абмеркаваць апошнія плёткі і прыхваткамі зрабіць вам ідэальны манікюр.
Кірыл – менавіта такі. Tochka.by пабывала ў нефарматнага майстра, каб даведацца, што прывяло яго ў індустрыю прыгажосці.
Занадта шмат аднолькавага б'юці
Калісьці Кірыл займаўся гандлем, потым адміністраваў серверы на Linux, а цяпер перад ім фрэзер на 30 000 абаротаў, гелі, ціпсы і медыцынскі сухажар.
Свой праект Кірыл назваў GopNails. Жонка даўно кліча яго гопнікам, і ў пэўны момант ён вырашыў: а навошта з гэтым змагацца, калі можна зрабіць брэндам?

Тым больш, паводле яго адчуванняў, вакол вельмі шмат аднастайнага б'юці. Аднолькавыя інтэр'еры і акаўнты.
Напрыклад, аднойчы ён праходзіў сумоўе ў салон – гаспадыні патрэбен быў майстар-мужчына. Аднак, хоць усё прайшло нядрэнна, Кірыл зразумеў: тут ён працаваць не будзе.
"Мне патрэбна не кава вечарам пасля працы, а бутэлечка піўца. Каб з дзеўчанятамі пасядзець, пабалтаць. Не гэта цішыня і ўсё нюдава-ружовае", – кажа майстар.
Наш суразмоўца вырашыў ісці іншым шляхам. Праўда, першыя два месяцы яго падыход не быў патрэбен наогул нікому.
"З красавіка па чэрвень – ніводнага кліента", – расказвае ён.

А потым некалькі пастоў у сацсетках заляцелі, і дзяўчыны пачалі запісвацца адна за другой. Зараз Кірыл кажа, што графік ужо "шчыльненькі".
Кліентаў "забраў" у жонкі
У сям'і Кірыла пазногцямі раней займалася жонка. У 2019 годзе ён і яна нават адкрылі невялікую студыю. Яна рабіла пазногці, а ён дапамагаў з бухгалтэрыяй, рамонтам, закупкамі, рэкламай і г.д.
Але кавід студыя не перажыла. А ў 2021 годзе закрылася фірма, дзе працаваў Кірыл. Патрэбна было шукаць новую прафесію, і спярша ён паглядзеў у бок IT.
"Аказалася, гэта наогул не мая тэма. Вельмі нудна: лічбы, логі, сядзіш, утыкаеш. Я такое не люблю", – згадвае ён.

Жонка працягвала прымаць кліентак. І аднойчы ці то жартам, ці то з цікаўнасці прапанавала Кірылу таксама паспрабаваць. Першай мадэллю стала знаёмая дзяўчына.
"Вельмі стрыкотна было спачатку. Я паспрабаваў зняць пакрыццё, ледзь не пашкодзіў пазногаць, канешне. Але вырашыў: чаму б не прадоўжыць?" – расказвае ён.
Для дэбюту Кірыл абраў ледзь не горшае, што можна прыдумаць навічку, – чорнае пакрыццё. У выніку – пяць гадзін працы, зацёкі, пакуты. Да канца так і не давёў – дарабляць прыйшлося жонцы.
"Спачатку ўвогуле не атрымлівалася. Я думаў: ды навошта мне гэта патрэбна? Потым уцягнуўся, цяпер быццам бы і нічога так", – кажа мужчына.


У 2023 годзе яго жонка зацяжарыла і паступова перадала Кірылу кліентаў.
Аднак потым ён вымушана спыніўся: пачалася алергія. Трэба было зразумець, на што менавіта рэагуе арганізм, дома паставілі больш магутную выцяжку.
У гэтым годзе майстар канчаткова вярнуўся ў бізнес. Зараз Кірыл спецыяльна трымае невысокі прайс – трэба аднавіць хуткасць і налаўчыцца. Яго цана – 40 за пакрыццё.
Гопнік гопнікам, а сухажар медыцынскі
Калі судзіць толькі па назве, кепцы і манеры размовы, можна вырашыць, што ўвесь праект строіцца на прыколе. Але варта загаварыць пра інструмент, і Кірыл становіцца вельмі сур'ёзным.
Для майстра-пачаткоўца, кажа ён, адна з галоўных праблем – дарагі ўваход у прафесію. Фрэзер, выцяжка, лямпы, інструменты, стэрылізацыя – усё гэта трэба купіць яшчэ да таго, як першы кліент дасць грошы. Таму навічкі часта спрабуюць эканоміць.

Маленькія танныя апараты, паводле слоў Кірыла, майстры называюць "хлебніцамі". Праблема ў тым, што паўнавартасную стэрылізацыю такі прыбор гарантаваць не можа.
"У нас трохэтапная апрацоўка інструмента. Фінальна ўсё ідзе ў медыцынскі сухажар. Дастаём, ускрываем спецыяльны крафт-пакет і толькі тады працуем", – расказвае ён.

Упаў інструмент ці фрэза на падлогу – усё, падымаць і працягваць працу імі нельга. Адкрываеш новы стэрыльны пакет і ідзеш далей.
Як не трэба выратоўваць пазногці
Для чалавека, які ведае пра манікюр прыкладна нічога, працэдура выглядае проста: старое знялі, новае намазалі, у лямпе пасушылі – гатова.
Пасля размовы з Кірылам становіцца зразумелым, што гэта як апісаць рамонт словамі: "Ну, сцены пафарбавалі".

Пакрыццё Кірыл рэкамендуе насіць не больш за тры тыдні. Кліенты, зразумела, умеюць спрачацца з рэальнасцю. Прыйсці праз чатыры тыдні – такое здараецца пастаянна.
"Праблема ў тым, што пазногаць расце, а разам з ім ссоўваецца апекс – самы высокі пункт канструкцыі, які дапамагае правільна размяркоўваць нагрузку. Чым далей ён з'язджае ад патрэбнага месца, тым больш небяспечным становіцца ўдар пальцам аб што-небудзь", – тлумачыць майстар.
А калі адрослы доўгі пазногаць ламаецца, ён можа пацягнуць за сабой натуральную пласціну.
Але і пасля паломкі да майстра дабіраюцца не ўсе. Ёсць два народныя метады "папраўкі".
Першы – суперклей. Кірыл з-за яго адчувае жах. І рэч не толькі ў пазногці: калі майстар потым пачынае знімаць такі "рамонт", палімер забівае фрэзу. Дарагі расходнік можна адразу выкідаць.
"Ты яшчэ не зарабіў, а ўжо папаў на грошы", – тлумачыць ён.


"Бачыш дзяўчыну: усе пазногці ёсць, а адзін палец заклеены. Нібыта парэзалася. Зусім яна не парэзалася. Проста ламанула пазногаць, але няма грошай ці часу схадзіць на карэкцыю", – тлумачыць ён.
Ёсць асобны жанр – кліентка, якая перад першым паходам да майстра вырашыла падрыхтавацца сама. Левую руку яшчэ атрымліваецца адпаведна апрацаваць. Потым чалавек перакладвае інструмент – і пачынаецца бойня.

"Прыходзіць, а на правай руцэ ўсё парэзана, усё ў крыві. Яшчэ такія запечаны падцёкі. Глядзіш і не разумееш: а што тут рабіць?" – кажа Кірыл.
Застаецца акуратна прыняць тое, што можна, і патлумачыць галоўнае правіла: часам лепшы спосаб падрыхтавацца да манікюру – увогуле нічога не рабіць.
"Ты хоць каму-небудзь сказала, куды пайшла?"
Жнівень і верасень Кірыл лічыць ідэальным часам для майстра-пачаткоўца.
У горад прыязджаюць студэнткі. Засяляюцца ў інтэрнаты, здымаюць кватэры, знаёмяцца. Манікюр, які яны зрабілі дома перад пераездам, праз некалькі тыдняў адрастае.


Некалькі сябровак знаходзяць старонку ў сацсетках. Абіраюць самую смелую і адпраўляюць на разведку. Яна вяртаецца і паказвае рукі. Калі ўсё на месцы – можна ісці астатнім.
Аднак смеласць некаторых 18–19-гадовых дзяўчын Кірыла часам адкрыта пужае. Ён жа прымае кліентак дома. Атрымліваецца, дзяўчына знаходзіць старонку мужчыны ў інтэрнэце, бярэ адрас, прыязджае да яго – і часам увогуле пра гэта нікому не расказвае.

"Я ім гавару: скажы маці, таце, сяброўцы – няважна каму, – куды ты ідзеш. Як чалавек, як бацька, які гадуе дачку, наогул гэтага не разумею. Ладна я адэкватны. Але ж яна можа трапіць да якіх-небудзь додзікаў, якія рэальна зробяць нешта дрэннае", – перажывае ён.
Манікюр у мужчыны – і што?
Да мужчын з каляровымі пазногцямі Кірыл ставіцца прыблізна гэтаксама, як і да многіх рэчаў у жыцці: пакуль чалавек нікому не перашкаджае, якая наогул розніца?

Аднак нават мужчына за манікюрным сталом пакуль яшчэ прыцягвае ўвагу. Праўда, строіць увесь вобраз толькі на фразе "Глядзіце, мужык робіць пазногці" Кірылу відавочна мала.
"Майстар – гэта як псіхолаг, калі казаць умоўна. Дзяўчына можа расказаць мне тое, што не раскажа сяброўкам. А я як мужчына магу ад сябе штосьці падказаць", – тлумачыць Кірыл.

Так, дзве гадзіны насупраць іншага чалавека – даволі доўгі тэрмін. Хтосьці маўчыць. Хтосьці пераказвае ўсё сваё жыццё.
Адна кліентка прыйшла з навушнікам. У нейкі момант адтуль пачуліся вельмі знаёмыя гукі. Кірыл паглядзеў у тэлефон кліенткі і зразумеў: серыял, які яна глядзела, быў для дарослай аўдыторыі.

"Ну калі ласка, пытанняў няма", – кажа ён.
Ёсць кліенткі, якім размова ўвогуле не патрэбная. Яны прыходзяць выключна за пазногцямі: селі, зрабілі, сышлі. Аднак сам Кірыл прызнаецца: працаваць дзве гадзіны ў абсалютнай цішыні яму цяжка.
А яшчэ, калі чалавек увесь сеанс маўчыць, ён потым часта проста не вяртаецца.

Гэтая праца для Кірыла – ужо не проста эксперымент. Майстар прызнаецца, што ў будучым хоча зноў адкрыць салон. Аднак цяпер зробіць яго ў сваім фірменным стылі.