Прыватныя дамы і дачы ў Беларусі чакае змена – гэта тычыцца сцёкавых вод

Аддзел навінаў
Тым, хто не падключаны да цэнтральнай каналізацыі, трэба будзе прадугледзець дадатковае збудаванне на падворку.
Прыватныя дамы і дачы ў Беларусі чакае змена – гэта тычыцца сцёкавых вод
Фота: Ant Rozetsky / Unsplash.com

Новае правіла для ўладальнікаў прыватных дамоў і дач зафіксавана ў новай рэдакцыі Воднага кодэкса, якая набудзе моц з 1 студзеня 2027 года. Яно тычыцца ўсіх, у каго няма падключэння да цэнтральнай каналізацыі, піша "Камсамольская праўда ў Беларусі" са спасылкай на Расонскі райвыканкам.

Гаворка пра сцёкавыя воды – іх скід за межы зямельнага ўчастка будзе забаронены новым кодэксам.

Сліваць ваду з септыкаў, летніх душавых, лазняў, кухняў на суседнюю тэрыторыю або ў кюветы будзе нельга.

Уся вада пасля выкарыстання ў гаспадарцы павінна заставацца на ўчастку і праходзіць ачыстку.

Для гэтага ўладальнікам дома давядзецца прадугледзець лакальныя ачышчальныя збудаванні: герметычныя септыкі, палі падземнай фільтрацыі, калодзежы і траншэі, якія фільтруюць.

Ачышчаную такім чынам ваду ўжо можна будзе скідваць у адпаведнасці з праектнай дакументацыяй і экалагічнымі нормамі.

Ці пусцяць мясцовых да платнага вадаёму

Адна з нормаў у новай рэдакцыі Воднага кодэкса тычыцца адносін паміж людзьмі і бізнесам.

Усе, хто жадае пачаць рэкрэацыйную справу ў Беларусі могуць узяць у арэнду возера або частку ракі. Выбраць можна са спісу Мінпрыроды. Пасля гэтага трэба добраўпарадкаваць тэрыторыю і запусціць рыбу.

І самае важнае правіла – мясцовым жыхарам адпачываць каля такіх вадаёмаў можна бясплатна. Паводле слоў старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Жанны Чарняўскай, гэтая норма – калі арандатары не маюць права перашкаджаць насельніцтву карыстацца вадаёмамі – якраз і з'явілася са зваротаў грамадзян.

Таксама змены Воднага кодэкса Беларусі закрануць размяшчэнне на прысядзібных участках сажалак. Цяпер можна будзе выкапаць толькі адзін вадаём. Калі да ўнясення змен у закон іх было два, другі можна пакінуць.

Загрузка...

Нет больше страниц для загрузки

Нет больше страниц для загрузки