Колькасць папуляцыі бурага мядзведзя ў Беларусі расце прыметнымі тэмпамі, таксама павялічваецца тэрыторыя рассялення звера. Пра гэта расказалі ў прэс-службе Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
У рэгіёнах, дзе больш за ўсё мядзведзяў, дапускаецца рэгуляванне іх колькасці. Калі казаць прасцей, даецца дабро на паляванне.
"Калі 20 гадоў таму колькасць беларускай папуляцыі бурага мядзведзя ацэньвалася ў 100–200 асобін, сустрэчы чалавека з ім у лесе мелі адзінкавы характар. Зараз колькасць папуляцыі мядзведзя ва ўгоддзях Рэспублікі Беларусь ацэньваецца ў 1500 асобін, і значна павялічылася колькасць сустрэч чалавека з ім, а таксама пашырылася геаграфія такіх сустрэч", – адзначылі ў дзяржінспекцыі.
Там жа расказалі, што беларускія мішкі зусім не агрэсіўныя да людзей. Жывёлы праяўляюць асцярожнасць у адносінах да чалавека і не ўспрымаюць яго як ахвяру. Дарослы мядзведзь адчувае людзей на адлегласці 300–400 м і пазбягае з імі прамой сустрэчы.
Каго трэба баяцца
Нягледзячы на міралюбівы характар мядзведзяў, падчас сустрэчы з імі варта быць асцярожнымі. Паводле слоў экспертаў, заўсёды неабходна памятаць, што перад вамі буйная драпежная жывёла, таму яе паводзіны часта нельга прадказаць.
Найбольшую небяспеку ўяўляюць мядзведзіцы з медзведзянятамі; жывёла, якая корміцца здабычай; мядзведзь падчас палявання; галодны звер ранняй вясной пасля выхаду са спячкі; "шатун"; хворы, ранены, стары звер. Ну і самцы ў перыяд гону. Шлюбны перыяд мядзведзяў двухсезонны. Ён прыпадае на чэрвень-ліпень і на верасень-кастрычнік.
Прыметай нападзення ў мядзведзя могуць быць прыціснутыя да галавы вушы, узнятая на дыбкі шэрсць на загрыўку, лёгкая гарбатасць, палымяныя вочы, выскал і дрыжанне. Калі вушы стаяць, звер яшчэ вагаецца ў дзеяннях.