Традыцыі і прыкметы на дзень пасля Купалля

Ксенія Алізар
Купальская ноч з 6 на 7 ліпеня – самы чароўны і багаты на цуды час, але і раніца ды дзень 7 ліпеня маюць свае важныя традыцыі і прыкметы.
Традыцыі і прыкметы на дзень пасля Купалля
Фота: Tochka.by

У беларускай культуры лічылася, што менавіта пасля купальскай ночы прырода набывае асаблівую моц, а паводзіны стыхій прадказваюць будучае надвор'е.

Вось некаторыя традыцыі ранку пасля Купалля.

Сустрэча сонца, якое "купаецца"

Павер’е кажа, што на Купалле сонца на світанні "купаецца" ў вадзе – пераліваецца рознымі колерамі, быццам гуляе. У народзе лічылі, што "купанне" сонейка могуць назіраць толькі тыя, каму спрыяе лёс, ці самыя шчаслівыя.

На Полаччыне гэты чароўны ўзыход сустракалі асаблівым рытуалам – так званым "бараном". Яго ўдзельніцы адначасова зацягвалі песні і каляндарныя, і сямейныя, ствараючы шматгалосы спеў. Лічылася, што такі абрад забяспечвае дастатак на ўвесь наступны год.

Таму абавязковай традыцыяй было сачыць за ўзыходам: калі сонца чыстае, зіхатлівае, год будзе шчаслівы і ўраджайны. Калі ж яно "бляклае" ці быццам дрыжыць – чакалі непагадзі ці неўраджаю.

Збіранне купальскай расы

Раніцай 7 ліпеня да ўзыходу сонца збіралі расу, якая лічылася цудадзейнай. Верылі, што купальская раса ачышчае скуру, лечыць розныя хваробы і раны, дарыць маладосць і прыгажосць.

Фота: Tochka.by

Ёю абмывалі твар і рукі, а таксама збіралі палотнамі: вадзілі іх па мокрай траве, адціскалі ў посуд, каб пазней выкарыстоўваць для лячэння. Жанчыны часта збіралі расу з лісця лекавых раслін, бо яна лічылася наймацнейшай.

Таксама маладыя жанчыны качаліся па роснай траве, каб набрацца здароўя і сілы ад зямлі.

Хаджэнне ў жыта

У некаторых рэгіёнах Беларусі раніцай пасля Купалля дзяўчаты хадзілі ў жытнёвае поле "слухаць жыта". Верылі, што шум каласоў можа падказаць, ці хутка дзяўчына выйдзе замуж.

Але як менавіта каласы прадказвалі, дакладна невядома. Калі вы ведаеце пра такі звычай, падзяліцеся, бо гэта і сапраўды цікава ведаць.

Апошнія магчымасці варажбы

Калі напярэдадні вянкі не былі пушчаны на ваду, іх маглі даплятаць і пушчаць якраз на досвітку 7 ліпеня, назіраючы, куды яны паплывуць.

Фота: Tochka.by

Фота: Tochka.by
Таксама ў гэты дзень збіралі рэшткі купальскага вогнішча – галавешкі, якія лічыліся абярэгамі ад маланак і пажару, іх захоўвалі пад страхой.

У купальскую ноч дзяўчаты спрабавалі зазірнуць у будучыню. Таму ў цемры, заплюшчыўшы вочы, трэба было нарваць розных траў і схаваць іх пад падушку. Калі ўжо раніцай сярод іх налічвалася роўна дванаццаць розных відаў – лічылася, што дзяўчына абавязкова знойдзе сваю пару ў гэтым годзе.

А ў хатах, дзе ляжаў хворы, паміж бярвеннямі прасоўвалі купальскую кветку. Калі на досвітку яна аказвалася завялай – надзеі на выздараўленне не было. Калі ж кветка захоўвала бадзёры выгляд верылі, што хвароба неўзабаве адступіць.

Прыкметы на дзень пасля Купалля (7 ліпеня)

Калі на Купалле дождж – будзе мокрае лета, а ўраджаю агуркоў не чакай. Калі дождж пачынаўся менавіта раніцай 7 ліпеня, казалі: "Купалле плача – слёзы лье", што прадвяшчала няўдалы сенакос.

Моцны ранішні россып расы – да добрага ўраджаю гуркоў і гародніны наогул. Калі ж расы не было, то гэта прадказвала засушлівае лета.

Сонечны дзень 7 ліпеня – да спякотнага канца ліпеня і добрага наліву збожжа. Калі ж неба хмарнае, рыхтаваліся да зацяжных дажджоў.

Каласы жыта пачынаюць жаўцець – праз два тыдні можна пачынаць жніво.

Гаспадарчыя звычаі

Пасля Купалля традыцыйна пачынаўся сенакос – самы гарачы час для сялян. Лічылася, што купальская раса надае траве асаблівы моц, таму стараліся пачынаць касіць менавіта пасля гэтага дня.

Фота: Таццяна Падліпская / sb.by

Таксама звярталі ўвагу на паводзіны жывёлы: калі каровы актыўна вярталіся з пашы – восень будзе цёплай.

Містычныя засцярогі

У некаторых мясцінах верылі, што ноччу і раніцай пасля Купалля актывізуюцца русалкі і іншая нячыстая сіла, якая можа зацягнуць у ваду таго, хто позна шпацыруе каля рэк або азёр. Таму без асаблівай патрэбы да вады не ішлі. Асабліва перасцерагалі дзяцей.

Атрымоўваецца, што раніца і дзень пасля Купалля лічыліся не менш важнымі, чым сама ноч. А ці верыце вы ў прыкметы?

Загрузка...

Нет больше страниц для загрузки

Нет больше страниц для загрузки