Рус

У гарах Кыргызстана знайшлі рэчы зніклых беларусаў – што вядома

Аддзел навінаў
Выратавальная аперацыя не спыняецца, нягледзячы на складанае надвор'е.
У гарах Кыргызстана знайшлі рэчы зніклых беларусаў – што вядома
Фота: Аляксандр Смірноў / Facebook

У Кыргызстане працягваюцца пошукі беларускіх альпіністаў, якія зніклі ў гарах. У чацвер, 13 жніўня, аперацыя прынесла новую зачэпку, напісаў у Facebook сябар удзельнікаў групы Аляксандр Смірноў.

Паводле яго слоў, пошукі вяліся ўвесь дзень з паветра. Спецыялісты паспелі зрабіць два вылеты на верталёце, а таксама абследавалі мясцовасць з дапамогай дрону.

Што паказала здымка

Як адзначыў Смірноў, з паветра ўдалося агледзець схілы аж да вышыні 6000 м. Праўда, наверсе здымку ўскладняў моцны шквальны вецер, падысці дастаткова блізка не атрымлівалася.

Тым не менш на заходнім баку грэбня, прыкладна на вышыні 4500 м, заўважылі заплечнік і рэч аранжавага колеру. Па наяўных кадрах пакуль немагчыма вызначыць, што менавіта гэта – спальны мяшок ці куртка.

Побач ляжаць яшчэ некалькі прадметаў, верагодна, з таго ж заплечніка.

Па папярэдняй ацэнцы, знойдзены рыштунак можа належаць аднаму з удзельнікаў зніклай групы. Саміх альпіністаў або іх слядоў паблізу пакуль не выявілі.

"Высновы мы не робім. Пакуль карціна такая: рэчы, хутчэй за ўсё, страчаны на спуску. Калі б на гэтым участку сарвалася звязка, побач ляжаў бы рыштунак астатніх. Яго няма", – распавёў сябар зніклых альпіністаў.

Цяпер трэба высветліць, адкуль мог упасці заплечнік. Не выключана, што ён апынуўся там з размешчанага вышэй стромкага ўчастка на вышыні 5100–5300 м.

Дзе працягнуць пошукі

У пятніцу, 14 жніўня, калі дазволіць надвор'е, дрон павінен дакладна зняць участак ад грэбеня да знойдзеных рэчаў. Гэта дапаможа вызначыць магчымую траекторыю іх падзення і зразумець, дзе шукаць далей.

Паводле слоў Смірнова, гэты ўчастак лічыцца адным з самых складаных на грэбні. Таму абследаваць яго працягваюць з дапамогай верталёта і дрону, без людзей.

"Скалы і нацечны лёд, страхавацца амаль няма за што. Нават у добрае надвор'е там пастаянна нешта сыплецца, а ўнізе, пад лавіннымі вынасамі, вялікія расколіны", – гаворыць ён.

А што са знойдзенымі вяроўкамі

Нагадаем, што ў сераду, 12 жніўня, выратавальнікі выявілі на вышыні больш за 5000 м парэнчыя вяроўкі. Лічылася, што яны могуць належаць зніклай групе.

Аднак на афіцыйным сайце пошукаў kurumdy.by гэтую версію не пацвердзілі. Там гавораць, што ў беларусаў было дзве вяроўкі, прычым асноўная – чырвонага колеру. Тая ж, што трапіла на відэа з дрону, была цёмнай, з сіняватым адценнем.

Хутчэй за ўсё, дрон заўважыў старыя тросы, якія засталіся ад тых, хто праходзіў гэты маршрут раней. Такое ж меркаванне раней агучыў старшыня Беларускай федэрацыі альпінізму і скалалажання Аляксандр Гадлеўскі. Падрабязней пра гэта можна прачытаць тут.

Загрузка...

Нет больше страниц для загрузки

Нет больше страниц для загрузки