За чвэрць стагоддзя колькасць новых выпадкаў алкагалізму ў Беларусі скарацілася больш чым удвая. Пра гэта сведчаць свежыя звесткі аб першасным захворванні на алкагалізм, наркаманію і таксікаманію, апублікаваныя Белстатам.
Папраўдзе, у некаторых рэгіёнах сітуацыя аказалася значна горшай, чым у іншых.
Што ў агульнай карціне
Згодна са статыстыкай, у 2025 годзе дыягназы "алкагалізм" і "алкагольны псіхоз" упершыню ў жыцці былі пастаўлены 12 982 жыхарам Беларусі. Гэта амаль на трэць менш, чым у 2000-м (18 405 выпадкаў), і ў два разы менш у параўнанні з 2005 годам, калі быў зафіксаваны пік – 32 102 чалавекі.
У разліку на 100 000 жыхароў паказчык знізіўся з 332 выпадкаў у 2005-м да 143 у 2025-м. Асноўнае зніжэнне адбылося паміж 2010 і 2020 гадамі: з амаль 28 000 новых выпадкаў да 13 000.
Мінімум быў дасягнуты ў 2021-м – 12 734 выпадкі. А пасля колькасць упершыню выяўленых пацыентаў ізноў пачала расці: у 2022-м – 14 291 чалавек, а ўзровень захваральнасці падняўся з 137 да 155 выпадкаў на 100 000.
У наступныя гады лічбы заставаліся прыкладна на тым жа ўзроўні, і толькі ў 2025-м ізноў наблізіліся да мінімальных паказчыкаў пандэмічнага перыяду.
Рэгіянальныя адрозненні
Самы высокі ўзровень упершыню выяўленага алкагалізму ў 2025 годзе зафіксаваны ў Віцебскай вобласці – 188 выпадкаў на 100 000 жыхароў.
Следам ідуць Брэсцкая вобласць з паказчыкам 177 выпадкаў на 100 000 насельніцтва, Магілёўская – 163 выпадкі, Гродзенская – амаль 160 і Гомельская – 158 выпадкаў. У Мінскай вобласці ён склаў 128 выпадкаў.
Галоўным выключэннем застаецца Мінск – 80 выпадкаў на 100 000 жыхароў. Гэта больш чым у 2 разы ніжэй, чым у Віцебскай вобласці, і амаль удвая ніжэй сярэдняга па краіне (143 выпадкі).
Характэрна, што яшчэ 10 гадоў таму такога разрыву не было. У 2015-м паказчык у сталіцы складаў 213 выпадкаў на 100 000 жыхароў – вышэй за цяперашні ўзровень Віцебскай вобласці. Пасля сітуацыя пачала хутка мяняцца. Да 2020 года паказчык знізіўся да 65 выпадкаў, а ў наступныя гады вагаўся ў межах 59-91 выпадку.
Вядома не ўсё
Варта адзначыць, што апублікаваныя звесткі паказваюць толькі колькасць людзей, якім дыягназ быў пастаўлены ўпершыню ў жыцці, і не адлюстроўвае агульную колькасць на дадзены момант.
Больш дакладная інфармацыя пр гэта з'яўлялася толькі ў 2024 годзе. Тады беларускія нарколагі паведамлялі, што ў краіне налічваецца каля 180 000 чалавек з хранічным алкагалізмам, з якіх прыкладна 33 000 – жанчыны.