Вылечыць гадаванца і разарыцца: паглядзелі, што зараз з коштамі на ветпаслугі

Вольга Савіцкая
У Беларусі распрацоўваюць законапраект, які ўзмацняе кантроль над ветклінікамі. Праўда, пра цэнаўтварэнне гаворка не ідзе. Але ўжо зараз чэк на лячэнне жывёлы можа шакаваць. Вывучаем, колькі каштуюць ветпаслугі ў Мінску.
Вылечыць гадаванца і разарыцца: паглядзелі, што зараз з коштамі на ветпаслугі
Фота: freepik / Magnific.com

Уладальнікі хатніх жывёлаў ведаюць, наколькі дарагім можа быць наведванне ветклінікі, асабліва – экстраннае або ноччу, калі прайс вырасце ледзь не ў два разы.

У Беларусі тарыфы на ветэрынарныя паслугі застаюцца свабоднымі і фарміруюцца рынкам. Ды і сам від дзейнасці ніяк не ліцэнзуецца – па-сутнасці, адкрыць ветлячэбніцу можа нават чалавек, далёкі ад гэтай сферы.

Нядаўна ўлады паклапаціліся, каб вярнуць кантроль над ветклінікамі. Законапрект ужо распрацоўваецца. Праўда, пытанне аб рэгуляванні цэнаў пакуль вісіць у паветры – планаў па распрацоўцы гранічных максімальных тарыфаў няма.

Tochka.by вывучыла кошт на некаторыя ветпаслугі ў сённяшніх рэаліях. Спойлер: дорага, вельмі дорага.

Прыём ветэрынара – не менш за 35

Толькі ў Мінску дзейнічае больш за 90 ветклінік – дзяржаўных і прыватных.

Многія не хаваюць прэйскурант, але прадбачліва пазначаюць кошт паслугі "ад" без канчатковага "да". Уладальніку гадаванца трэба быць гатовым да таго, што ў выніковым чэку асобным радком дададуцца расходныя матэрыялы і наркоз, а яшчэ могуць спатрэбіцца дадатковыя аналізы, УЗД і кансультацыі.

Фота: gpointstudio / Magnific.com

Пачнем з базавага – першаснага прыёма ў ветлекара. Тут сярэдні прайс блізіцца да 50.

Напрыклад, у клініцы "Галоўнае ­– хвост" такі прыём каштуе 54. Столькі ж – у "АйбіВет". А кансультацыя вузкіх спецыялістаў (кардыёлаг, дэрматолаг, афтальмолаг, анколаг, гінеколаг) тут абыйдзецца ў 61.

Цэны ў клініцы "Галоўнае – хвост". Скрыншот: glavnoehvost.by

Ветцэнтр "ЗялёныяВетЛініі" за візіт да тэрапеўта просіць 40, да кардыёлага – 50. У клініцы "Дзевяць жыццяў" усе прыёмы ў спецыялістаў каштуюць 59.

А ў сетцы ветклінік "Доктар Вет" паслугі падзеленыя на некалькі відаў. За звычайны прыём патрэбна будзе заплаціць 50 (ёсць ветурачы з катэгорыяй вышэй, у іх прайс пачынаецца ад 75). Вузкія спецыялісты тут прымаюць за 65.

Знайшлі варыянты танней: у "ВетМедЦэнтры" – за 40, у ветэрынарным цэнтры доктара Базылеўскага – першасны прыём за 35, у вузкага спецыяліста 35–45.

Ноччу – цэны х2

Клінік, якія гатовыя працаваць кругласутачна, у сталіцы не так і шмат. Калі гадаванцу спатрэбіцца неадкладная дапамога ноччу, будзьце гатовыя да таго, што цэннік павялічыцца ледзь не ў два разы.

Да прыкладу, у "Доктар Вет" прыём з 21:00 да 9:00 будзе каштаваць 90 замест звычайных 50, у вузкага спецыяліста – 117 (днём 65).

Цэны ў "Доктар Вет" – днём і побач ноччу. Скрыншот: dv.by

Прайс на аперацыі і дадатковыя абследаванні таксама павялічваецца ў сярэднім у 1,5-1,8 разы.

На сайце ветцэнтра доктара Базылеўскага таксама пазначана, што з 21:00 да 9:00 на цэны ўсіх платных ветэрынарных паслуг дзейнічае павышаны начны каэфіцыент х1,8.

Кругласутачна працуе таксама клініка "Дзевяць жыццяў". Тут прыём ветлекара ў начныя гадзіны абыйдзецца ў 118 (замест 59).

Цэны на прыём у начны час у клініцы "Дзевяць жыццяў". Скрыншот: 9vet.by

На частку паслуг захоўваецца дзённы прайс (аналізы, дыягностыка, паслугі стацыянара, расходнікі), на іншыя ўсталяваны павышаны каэфіцыент х1,7.

Кастрацыя і стэрылізацыя

Клініка "Галоўнае – хвост" праводзіць кастрацыю і стэрылізацыю са стартавым цэннікам ад 250, і гэта без уліку папярэдняга абследавання. У ветклініцы ўдакладнілі: у сярэднім за стэрылізацыю сабакі да 10 кг прыйдзецца аддаць каля 500 (у гэтую суму ўваходзяць наркоз, лекі, агляд урача, пасляаперацыйнае назіранне і папона).

А калі ўладальнік жывёлы захоча правесці гадаванцу дадатковыя абследаванні (аналіз крыві і УЗД сэрца), трэба рыхтаваць яшчэ 200.

У "АйбіВет" стэрылізаваць котку абыйдзецца ў суму ад 358, сабаку – ад 220. Кастрыраваць ката і сабаку – ад 220 і 140 адпаведна. У кошт ужо ўваходзяць расходныя матэрыялы.

Цэны ў клініцы "АйбіВет". Скрыншот: abvet.by

У "Доктор Вет" стэрылізацыя і кастрацыя ката каштуе ад 61, сабакі – ад 95. А ў ветцэнтры доктара Базылеўскага прайс на гэтыя паслугі пачынаецца ад 40, але тут не ўключаны ў кошт расходнікі, наркоз і лекі. У "Альфа-Вет" – ад 93 за кастрацыю і ката, і сабакі.

У клініцы "Здаровы гадаванец" на момант напісання матэрыяла дзейнічала акцыя на дадзены від паслуг: кастрацыя ката – 120, стэрылізацыя котак – 220.

Для сабак цэны стартуюць ад 180 і 220 адпаведна. У кошт уключаныя ўсе расходныя матэрыялы. Але звычайна цана тут значна вышэй.

Экстраная дапамога? Рыхтуйцеся да оверпрайса

Гэты накірунак – адзін з самых дарагіх ва ўсіх ветэрынарных клініках.

Так. "Галоўнае – хвост" аказвае і траўматалагічную, і хірургічную дапамогу. Напрыклад, за ўпраўленне вывіху ці пералому прыйдзецца аддаць больш за 95, калі спатрэбіцца налажэнне шыны – яшчэ 49. Выманне спіцаў – ад 70.

Цэны ў клініцы "Галоўнае – хвост". Скрыншот: glavnoehvost.by

Дастаць іншароднае цела з поласці рота тут каштуе ад 70, ускрыццё абсцэсу – 55, а выдаленне ўрослага кіпцюра – 40.

У "АйбіВет" першасны прыём хірурга абыйдзецца ў 61. А лячэнне вывіхаў, пераломаў, разрываў звязкаў, правядзенне хірургічных аперацый і падобнае можа стартаваць ад 330 і даходзіць да 900, у залежнасці ад жывёлы і характара траўмы.

У "Доктор Вет" цэннікі ў вобласці артапедыі і хірургіі пачынаюцца ад 220 і даходзяць да 1150 (напрыклад, пры разрыве крыжападобнай звязкі ў каленным суставе ў вялікага сабакі). Усе цэны прыводзяцца без уліку кошту наркоза і расходнікаў, а таксама дадатковых даследаванняў.

Фота: freepik / Magnific.com

Паводле водгукаў і прэйскурантаў у адкрытым доступе, адной з самых дарагіх клінік у Беларусі з’яўляецца "Сас Энімал Сервіс". Праўда, адзначаецца, што такія кошты ў многім з-за вузкай спецыялізацыі ўрачоў па некаторых складаных паталогіях.

Тут, напрыклад, выдаленне іншароднага цела з ЖКТ каштуе 540–800 без уліку наркозу. А калі ў сабакі здарыўся заварот страўніка, будзьце гатовыя аддаць 870–1100.

Калі аперацыя экстраная і пазапланавая, патрэбна будзе дадаць да асноўнага кошту паслугі адразу 1000.

На траўматалогію і артапедыю цэннік тут таксама высокі. Напрыклад, лячэнне складаных пераломаў можа каштаваць 1120, складаныя аперацыі на звязках – 1450, лячэнне вывіху каленнай рэпкі – 500–730, у заледнасці ад памеру. Усё без уліку кошту наркозу.

Цэны ў клініцы "Сас Энімал Сервіс". Скрыншот: vetsas.by

Замена тазабедранага сустава сабаку зусім каштуе 15 тыс. Параўнанне не зусім карэктнае, але для людзей такая аперацыя ў прыватнай клініцы абыйдзецца ў 17,5 тыс.

У ветцэнтры доктара Базылеўскага цана хірургічных аперацый стартуе ад 110, але ў сярэднім яны каштуюць у раёне 500. Пералік правядзення магчымых маніпуляцый таксама вельмі шырокі.

Да прыкладу, хірургічнае лячэнне пнеўматоракса ў ката ці невялікага сабакі абыйдзецца ў 500, раненні грудной поласці ў такога ж памера жывёлаў – 900, перытаніта – 500. Ёсць аперацыі яшчэ даражэйшыя: гэта складаныя маніпуляцыі на сасудах (каля 1100), пластыка воўчай пасці і заечай губы (ад 1000).

УЗД і аналізы

Нятанна каштуюць і лабараторныя даследаванні. У прэйскурантах усё пачынаецца з сярэдніх 40, у залежнасці ад віда і паўнаты аналізу, але на практыцы цана выходзіць значна вышэй.

А кошт УЗД для жывёлаў у некаторых выпадках нават даражэй, чым такія ж даследаванні для людзей.

Да прыкладу, у "Галоўнае – хвост" за такую паслугу прыйдзецца аддаць мінімум 49. УЗД сэрца каштуе 64.

У "АйбіВет" УЗД органаў брушной поласці каштуе 54, сэрца – 71, на цяжарнасць– 41.

Калі прыйдзецца здаваць аналіз крыві на некалькі паказчыкаў, гэта будзе дорага каштаваць. Напрыклад, пашыраная "біяхімія" каштуе тут 50, праверыць узровень гармонаў (адзін паказчык) – 45–70, вызначыць групу крыві катоў – 95, а выявіць тытры да вірусаў шаленства – зусім 600.

Цэны ў клініцы "АйбіВет". Скрыншот: abvet.by

Агульны аналіз мачы – 24, кала – 55. Яшчэ даражэй будуць даследаванні на выяўленне разнастайных інфекцый, а таксама ПЦР-тэставанне.

У клініцы "Доктар Вет" цэны на УЗД стартуюць ад 35 (ныркі, мачавы пузыр, прадсталёвая залоза) і даходзяць да 85 (сэрца).

Зрабіць пашыраны біяхімічны аналіз абыйдзецца ў 30–40, пашыраны аналіз мачы – 35, кала – 22-35, а вызначыць групу крыві ў жывёлы – 120.

Адзін паказчык гармонаў каштуе 55. Ёсць даследаванні метадам ПЦР, напрыклад, комплексы для катоў – ад 60 да 105, для сабакаў – ад 65 до 100.

Фота: freepik / Magnific.com

У "Сас Энімал Сервіс" за УЗД органаў брушной поласці патрэбна будзе аддаць 65, а калі спатрэбіцца зрабіць такое даследаванне сэрца, то і да 90.

На лабараторныя даследаванні тут таксама трэба будзе патраціцца. Напрыклад, базавы агульны і біяхімічны аналіз крыві каштуе 101, мачы – 46.

Колькі каштуе зрабіць МРТ гадаванцу

У Мінску ўсяго пара клінік, дзе ёсць патрэбнае абсталяванне. Даследаванне МРТ у "Доктар Вет" абыйдзецца мінімум у 350 і максімум у 725 за некалькі зонаў пазваночніка.

Калі ж тамаграфію рабіць ноччу і экстрана, дзейнічае павышаны каэфіцыент. Цэны пазначаныя без уліку расходнікаў.

Апарат ёсць у ветсервісе доктара Базылеўскага. Тамаграфія адной вобласці тут каштуе 250.

Цэны ў "Ветцентры доктара Базылеўскага". Скрыншот: minsk.vet-centre.by

У "Сас Энімал Сервіс" МРТ адной зоны – 350. Тут ёсць яшчэ і апарат КТ, паслуга абыйдзецца ад 160 до 700.

Чаму так дорага?

Увогуле, наведванне ветэрынарнай клінікі каштуе нятанна. Нават перад планавым візітам, каб праверыць здароўе гадаванца, патрэбна будзе падрыхтаваць каля 500 на базавыя аналізы, УЗД і, адпаведна, сам прыём.

У экстраных сітуацыях выніковы чэк можа пераваліць за 1000, а ў некаторых выпадках будзе куды большым.

Фота: freepik / Magnific.com

Трэба заўважыць, што па асобных пазіцыях ветэрынарныя паслугі каштуюць даражэй, чым аналагічныя для людзей.

Дарэчы, адна з ветклінік – "Дзевяць жыццяў" – спрабавала патлумачыць, чаму цэны ў гэтай сферы нашмат вышэй "чалавечых" і чаму ўвогуле ўсё не танна.

Да прыкладу, тут распавялі, чаму не заўсёды можна агучваць выніковы кошт загадзя: "у шэрагу выпадкаў складана сказаць, што будзе патрэбна" гадаванцу.

А калі лячэнне аператыўнае і стан жывёлы хутка змяняецца – прадказаць фінальную суму практычна немагчыма.

"Мы не баімся даваць поўныя кошты, дзе гэта магчыма… Ужо ў клініцы, калі сітуацыя больш-менш зразумелая, агучваем максімальна блізкую да выніковай цану. Для шэраговых працэдур і маніпуляцый і дакладную лёгка сказаць. Больш за ўсё складана гэта зрабіць для стацыянарнага ўтрымання, кожную хвіліну ўсё можа змяніцца. Там мы пад подпіс даем прыкладны кошт, з калідорам у 20-30%, прадугледжаныя і дзеяннні ў выпадку форс-мажораў, калі перарасход атрымаецца", – патлумачыў галоўны ўрач ветклінікі Аляксей Клянцэвіч у каментары для свайго сайта.

Загрузка...

Нет больше страниц для загрузки

Нет больше страниц для загрузки